Старонка:Прыгоды Мюнхаўзена.pdf/95

Гэта старонка не была вычытаная

Увесь востраў быў пакрыты вінаграднікамі, але вінаград там асаблівы: сціснеш яго ў кулаку — з яго заместа соку цячэ малако.

Жыхары вострава высокія, прыгожыя людзі. У кожнага з іх па тры нагі. Дзякуючы тром нагам яны добра могуць трымацца на паверхні малочнага мора.

Хлеб тут расце печаны, проста ў гатовым выглядзе, так што жыхарам гэтага вострава не прыходзіцца ні сеяць, ні араць. Я бачыў многа дрэваў, увешаных салодкімі мядовымі аладкамі.

У час нашых пагулянак па Сырным востраве мы адшукалі сем рэчак, у якіх цякло малако, і дзве рэчкі, у якіх цякло густое і смачнае піва.

Прызнаюся, гэтыя піўныя рэчкі спадабаліся мне больш за малочныя.

Наогул, гуляючы па востраву, мы бачылі многа цудаў.