— Так што, — адказаў Швэйк, зноў як мага прыціскаючы да сьцяны фэльдкурата, — я ваш дзяншчык, пане фэльдкурат.
— У мяне няма дзяншчыка, — з патугай выгаварыў фэльдкурат, зноў спрабуючы ўзваліцца на Швэйка, — і я не фэльдкурат. Я сьвіння! — дадаў ён з шчырасьцю п‘янага чалавека. Пусьціце мяне, вашэці, я з вамі незнаёмы.
Барацьба скончылася поўнай перамогаю Швэйка. Швэйк скарыстаў яе ў тым кірунку што звалок фальдкурата па сходах у вэстыбюль, дзе той зноў стаў упінацца, каб ня выходзіць на вуліцу.
— Я з вамі незнаёмы, вашэці, — бесьперастанку гаварыў ён Швэйку пад час барацьбы. Хіба вы знаеце такога — Отто Каца? Гэта я і ёсьць.
— Я быў у біскупа — гвалтаваў ён ушчарэпіўшыся ў парадныя дзьверы. — Увесь Ватыкан цікавіцца мной, разумееце вы гэта?
Швэйк адкінуў розныя „так точна“ ды „ні ў разе“ ды „маю гонар“ і загаварыў з фэльдкуратам чыста па-сяброўску.
— Кінь, я табе кажу, — крыкнуў ён, — а то дам я табе па хары… Хадзем дахаты, ды й па тым. Ані слова больш!
Фэльдкурат выпусьціў дзьверы і наваліўся на Швэйка.
— Добра, пойдзем куды-небудзь, але толькі да Шухі я не пайду, я там завінаваціўся.
Швэйк ці то выпхнуў ці то вывалак яго з вэстыбюлю і пацягнуў па тротуары ў той бок, дзе быў яго дом.
— Што гэта за пан? — сказаў нехта з гледачоў на вуліцы.
— Гэта мой браценьнік, — адказаў Швэйк. — Яго пусьцілі на пабыўку і ён прыехаў даведацца мяне, ну і набраўся з радасьці, бо ён ня думаў, што я ужо памёр.
Фэльдкурат, які высьвістваў нейкую опэрэтачную мэлёдыю, якую ніхто-б не пазнаў, пачуў апошні сказ, выпрастаўся і зьвярнуўся да падарожных з словамі:
— Хто з вас памёр, той няхай у трохдзённы тэрмін зьявіцца ў штаб корпусу за дазволам на адданьне ягонага цела зямлі па хрысьціянскім абычаі.
Потым ён удаўся ў маўчаньне, адно лучыў, каб дзяўбануць носам у тротуар, тым часам, як Швэйк валок яго пад пашкі дамоў.