Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/107

Гэта старонка была вычытаная

Ён выказваў ахвоту прыняць мучаніцтва і вымагаў, каб Швэйк адцяў яму галаву і кінуў яе ў торбе ў Малдаву.

— Мне дужа да твару быў-бы вянец з зорачак навакол галавы, — зазначыў ён у захапленьні. — Штук дзесяць я бадай узяў-бы.

Потым ён стаў гаварыць пра скачкі, але неўзабаве перайшоў на балет, на якім, аднак, тож нядоўга затрымаўся.

— Вы танцуеце чардаш? — запытаў ён Швэйка. — А танец медзьвядзеў? Во гэтак…

Ён хацеў быў падскочыць, але паваліўся на Швэйка, які надаваў яму таўхянёў і паклаў на сядзеньне.

— Я нечаго хочу, — загарлаў фэльдкурат, — але ня ведаю чаго! Вы ня ведаеце, чаго я хочу? Адылі, што мне за клопат, чаго я хочу, — дадаў ён сур‘ёзна і лагодна пахіліў галаву. — А вам, вашэці, таксама да гэтага клопату мала. Я вас ня знаю. Якое вы маеце права гэтак нахабна глядзець на мяне? Вы ўмееце фэхтаваць?

На момант ён стаў дужа заўзяты і памкнуўся сьцягнуць Швэйка з сядзеньня.

Калі Швэйк яго ўціхамірыў, не пасароміўшыся выявіць сваю фізычную перавагу, фэльдкурат запытаўся:

— Што ў нас сёньня: панядзелак ці пятніца?

Яму карцела таксама высьветліць, ці снежань цяпер ці ліпень і наогул ён паказаў вялікія здольнасьці ставіць самыя рознастайныя пытаньні.

— Вы жанатыя? Ці любіце вы швэйцарскі сыр? А ў вас дома былі клапы? Што, у вашага сабакі была чума?

Ён удаўся ў шчырую таварыскасьць. Ён рас казаў, што за батфорты, стэк і кульбаку ён астаўся вінаваты, што колькі год таму ў яго быў трыпэр і што яго лячылі марганцава-кіслай сольлю.

— На што-небудзь іншае ня было ні часу, ні сродкаў, — ікаючы, паведаміў ён. — Можа гэта вы ўважаеце за крыўду? Але мяркуйце самі, што я мог зрабіць? Вы ўжо прабачайце. Тэрмасамі, — казаў ён далей, забыўшыся, пра што была вось толькі гутарка, — завуцца судны, у якіх яда ці піцьцё могуць захоўвацца з іхнай першапачатковай тэмпэратурай… А як вы