— Ну, дык і дай мне аплявуху, — праказаў фэльдкурат. — Няўжо-ж ты думаеш, што я ад яе перакулюся? Ды я пяць штук вытрымаю і ня міргну.
У фэльдкуратавай камізэльцы рамізьнік знайшоў пяцікронавую монэту. Ён пайшоў, наракаючы на сваю долю і на фэльдкурата за тое, што той яго затрымаў і ня даў яму як мае быць зарабіць.
Фэльдкурат ледзьве-ледзьве заснуў, бо бесьперастанку строіў нейкія пляны. Ён ладзіўся брацца за самыя рознастайныя рэчы: іграць на роялі, хадзіць у танцклясу і наўчыцца смажыць рыбу.
Потым ён дэкляраваў Швэйку, што ажэніць яго з сваёю сястрой, якой у яго зусім ня было, і пажадаў, каб Швэйк занёс яго на пасьцель. Нарэшце, ён заснуў са словамі, што ён патрабуе, каб яго ўлічылі за чалавека, які мае аднолькавую вартасьць з сьвіньнёй.
*
Калі назаўтрага ўраньні Швэйк увайшоў у пакой да фэльдкурата, той ляжаў на канапе і натужана разважаў аб тым, як магло здарыцца, каб яго так дзіўна аблілі, што ён прыліп штанамі да скураной канапы.
— Маю гонар далажыць, пане фэльдкурат, — растлумачыў Швэйк, — што вы ўначы…
Колькі слоў высьветлілі фэльдкурату, як глыбока ён памыляўся, думаючы, што яго нехта абліў.
Прачнуўшыся з надзвычай цяжкой галавой, фэльдкурат быў у панурым настроі.
— Ніяк ня ўспомню, — сказаў ён, — якім парадкам я трапіў з ложка на канапу?
— Вы там зусім і ня былі. Ці толькі мы прыехалі, адразу паклалі вас на канапу, бо болей у мяне не хапіла сілы.
— А што я нарабіў? Можа я чым напракудзіў? Ці ня быў я п‘яны?
— Ушчэнт, — адказаў Швэйк, — як пласт, пане фэльдкурат, у друзачкі. Можа-б вы перапрануліся ды памыліся?