сама пазычаў на гэта грошы. Дык кожны спагадаў. Пыталіся ў мяне, што за дзяўчынка, дык я сказаў, што вельмі прыгожанькая, што ёй няма яшчэ пятнаццаці год. Пыталіся адрас.
— Спрытна абаруцілі вы гэтую справу, няма чаго казаць! — вохнуў фэльдкурат, схапіўшыся за галаву, і засігаў па пакою. — Які сорам! А тут яшчэ галаву ломіць.
— Я ім даў адрас аднэй глухой бабулькі на нашай вуліцы, — растлумачыў Швэйк. — Я хацеў абрабіць гэту справу як мае быць: загадалі, значыць — спаўняй. Да рэчы, там у пярэднім пакоі прышлі па рояль. Я іх прывёў, каб яны завезьлі рояль у лёмбард, пане фэльдкурат. Гэта не пашкодзіць, калі прыбяруць рояль. І павальнее ў хаце і грошай у нас з вамі будзе больш — прынамсі на нейкі час будзем забясьпечаны. А калі гаспадар будзе пытацца, што мы хочам зрабіць з роялем, я скажу, што ў ім парваліся струны, і што мы яго адпраўляем правіць на фабрыку. Швэйцарысе я так і сказаў, каб яе ня дзівіла, што будуць выносіць рояль і класьці на воз. У мяне ўжо і на канапу ёсьць купец. Адзін знаёмы — мэбляй гандлю. Па абедзе зойдзецца. Цяпер на скураныя канапы цана добрая.
— А больш вы нічога не нарабілі, Швэйк? — у роспачы запытаў фэльдкурат, не пакідаючы трымацца за галаву.
— Маю гонар далажыць, пане фэльдкурат, я прынёс замест дзьвюх пляшак арэхавае настойкі, той самай, што купляе пан капітан Шнабель, пяць, каб у нас завёўся сякі-такі запас… З роялем можна выпраўляцца? А то, каб не зачынілі лёмбард…
Фэльдкурат махнуў безнадзейна рукой, і праз пяць хвілін рояль ужо ўскладалі на воз.
Як Швэйк вярнуўся з лёмбарду, фэльдкурат сядзеў перад адкаркаванай пляшкай арэхавае настойкі і лаяўся, што на полудзень яму далі недасмажаны шніцэль. Фэльдкурат быў зноў „у гумары“. Ён заявіў Швэйку, што ад заўтрага пачынае новае жыцьцё, бо піць гарэлку — гэта агідны матэрыялізм, а яму належыць жыць духоўным жыцьцём.
Ён філёзофаваў блізка з паўгадзіны. Як адкаркавалі трэцюю пляшку, прышоў гандляр старой мэбляй, і фэльдкурат прадаў яму канапу за нікчэмную цану, ды яшчэ ўгаварваў гандляра астацца пагутарыць з ім і быў дужа нездаволены,