Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/113

Гэта старонка была вычытаная

калі гандляр адмовіўся тым, што ідзе яшчэ паглядзець начны столік.

— Шкода, што ў мяне гэтага няма! — з жалем сказаў фэльдкурат. — Чалавеку цяжка пра ўсё загадзя паклапаціцца.

Пасьля таго, як пайшоў гандляр старой мэблі, фэльдкурат завёў гутарку са Швэйкам, з якім і расьпіў наступную пляшку. Частка гутаркі была прысьвечана асабістым поглядам фэльдкурата на жанчын і на карты. Сядзелі доўга. І вечар засьпеў Швэйка ў сяброўскай гутарцы з фэльдкуратам.

Адылі пад ноч адносіны зьмяніліся. Фэльдкурат вярнуўся да свайго ўчорашняга стану, пераблытаў Швэйка з нейкім іншым і казаў яму:

— Толькі ня йдзіце. Памятайце таго рыжага юнкера з абозу?

Гэта ідылія цягнулася датуль, пакуль Швэйк не сказаў фэльдкурату:

— Ну, угодзе! Лезь у пасьцель і тухні. Чуеш?

— Лезу, любы, лезу… Чаму-ж ня лезьці! — мармытаў фэльдкурат. — Памятаеш, як мы разам хадзілі ў школу, і я за цябе выконваў заданьні па-грэцкаму? У вас дача, здаецца, у Збраславе? Вам можна ехаць туды на параходзе па Влтаве? Ведаеце, што гэта — Влтава?

Швэйк прымусіў яго зьдзець чаравікі і распрануцца. Фэльдкурат слухаўся, але протэставаў перад нявіднымі слухачамі:

— Вось маеце, панове, — зьвярнуўся ён да шафы і фікуса, — як са мной абыходзяцца мае сваякі!Ня вызнаю ніякіх сваякоў, — разьлютаваўся ён, калі Швэйк клаў яго на ложак. — Хай паўстане супроць мяне зямля і неба, я й тады зракуся іх.

І ў пакоі разьлёгся фэльдкуратаў хропат.

*

На гэту самую пару прыпадае і Швэйкава візыта на сваю былую кватэру да свае старое служкі пані Мюлер. Швэйк засьпеў у хаце толькі стрэчную сястру пані Мюлер, якая, плачучы, паведаміла яму, што пані Мюлер арыштавалі