Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/121

Гэта старонка была вычытаная

Швэйк устаўляў у гутарку розныя заўвагі накшталт таго, што лёгка ўзбагачваць бедны касьцёл за скарбовы кошт. На слове „бедны“ ён рабіў адумыслова-гіронічны націск.

Нарэшце, яны пайшлі ў рызьніцу і ксёндз выдаў фэльдкурату паходны алтар пад расьпіску гэткага зьместу:

„Атрымаў паходны алтар, які выпадкова трапіў у храм што на Вршовіцах.

Фэльдкурат Отто Кац“.

Славуты паходны алтар быў зроблены венскай яўрэйскай фірмай Морыц Малер, што вырабляла ўсякія прадметы рэлігійных патрэб, як, прыкладам: ружанцы, абразкі сьвятых ды інш. Алтар складаўся з трох частак і быў пакрыты фальшывай пазалотай, як і ўся слава сьвятой царквы. Ня было ніякай магчымасьці, ня маючы палкай фантазіі, вырашыць, што ўласна выяўляюць з сябе абразы на гэтых трох частках. Адно было ясна, што гэты алтар маглі з роўнай удачай скарыстаць паганцы з Замбезі і бурацкія ці мангольскія шаманы. Намалёваны яскравымі фарбамі алтар гэты здалёку выдаваў каляровай табліцай для выпрабаваньня чыгуначнікаў, ці ня хворыя яны на дальтонізм.

Найясьней вылучалася фігура нейкага голага чалавека са зьзяньнем вакол галавы і з пазялянелым, нібы пратухлы гусіны агузак, целам. Хоць гэтаму сьвятому ніхто нічога дрэннага не рабіў, а наадварот — з абодвух бакоў у яго стаялі два крыластыя стварэньні, што меліся выяўляць анёлаў, але на гледача карціна рабіла ўражаньне, што голы сьвяты крычыць гвалту ад страху перад кампаніяй, якая яго абкружае: анёлы нагадвалі казачных дзіваў, нешта сярэдняе — ні то дзікіх катоў, ні то апокаліпсычных страшыдлаў.

На другой частцы быў абраз, які павінен быў паказваць тройцу. Галуба, шчыра кажучы, мастаку не асабліва ўдалося сапсаваць. Ён намаляваў сапраўды нейкую птушку, якая роўна падобна была як да голуба, так і да белае курапаткі. Затое бог-айцец быў падобны да разбойніка з дзікага Захаду, якімі частуюць захопленую публіку амэрыканскія фільмы з жыцьця