Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/122

Гэта старонка была вычытаная

прэрый. Бог-сын, наадварот, быў намаляваны ў выглядзе вясёлага кавалера з ладным чэраўцам, схаваным у нешта падобнае да трусікаў. Наогул ён нагадваў спортсмэна: крыж ён трымаў у руцэ так лёгка і шыкоўна, нібы гэта была тэнісная ракетка. Здалёку ўся тройца расплывалася, і ўражаньне было такое, якое робіць поезд, пад‘яжджаючы да станцыі.

Што да трэцяе іконы, дык зусім ня можна было ўцяміць, што яна паказвае. Салдаты пад час імшы памыкаліся разгадаць гэты рэбус. Нехта нават пазнаў на іконе зямлячку з Прысазаўскага краю. Адылі пад гэтым абразом быў надпіс: „Сьвента Марыя, матка-боска, зьлітуйся над намі!“.

Паходны алтар Швэйк шчасьліва ўсклаў на карахвашку, а сам сеў да фурмана на перадок. Фэльдкурат разьмясьціўся як найвыгадней і паклаў ногі на сьвятую тройцу.

Швэйк гаманіў з фурманам пра вайну. Фурман быў бунтар: ён рабіў розныя заўвагі пра непераможнасьць аўстрыйскага войска, накшталт таго: „Далі вам добрага гасу ў Сэрбіі, га?“ і г. д.

Калі яны пераяжджалі праз харчовую заставу і ў іх запыталіся, што яны вязуць, Швэйк адказаў:

— Прасьветную тройцу і матку-боску з фэльдкуратам.

На вучэбным пляцы іх тымчасам нецярпліва чакалі атрады, якія выпраўляліся ў паход. Чакаць давялося доўга. Швэйк і фэльдкурат перш паехалі за прызавым кубкам да паручніка Вітынгера, а пасьля ў Бржэўноўскі манастыр за дарахранільніцай і іншымі прыладамі да імшы, у тым ліку і за пляшкай царкоўнага віна.

Па ўсім гэтым відаць, што ня надта проста правіць палявую імшу.

— Кідаемся па ўсім горадзе, — сказаў Швэйк фурману, — і гэта была праўда.

Калі яны пад‘ехалі да вучэбнага пляцу і ўжо падышлі да памосту з драўлянымі парэнджамі і сталом, на які павінны былі паставіць паходны алтар, высьветлілася, што фэльдкурат забыўся паклапаціцца пра міністранта.

Яму заўсёды прыслужваў за імшой адзін пехацінец, які, аднак, улічыў за лепшае падацца ў тэлефоністы і паехаў на фронт.