Колькі ўзяў за каменьчык? Ведаем мы гэткіх знайдаў!“ Канцы канцамі высьветлілася, што адначасна згубіў нехта пярсьцёнак з праўдзівым дыямэнтам, а другі — гэткі самы з фальшывым (нейкая там сямейная рэліквія). Але краўцу давялося ўсё-ткі высядзець тры дні, бо ён са злосьці дапусьціў зьняважлівы выраз у адрас паліцыі. Належную ўзнагароду ён атрымаў сваім парадкам, дзесяць процантаў, гэта значыць — адну крону і дваццаць гэуераў, — тая дрэнь каштавала адных дваццаць крон. Кравец гэтай належнай узнагародай шпурнуў гаспадару пярсьцёнка ў хару, той падаў у суд за абразу, і з краўца злупілі дзесяць крон штрафу. Пасьля гэтага кравец усюды казаў, што з таго, хто сумлена заявіць пра знаходку, і дваццаць пяць крон штрафу мала, што яго трэба зьбіваць да паўсьмерці пры ўсім народзе, каб іншыя навучаліся, як трэба рабіць у гэткіх выпадках… На мой розум, ніхто нашу дарахранільніцу назад не прынясе, дармо што на ёй ззаду палковая пячатка. Ніхто з скарбовымі рэчамі звадзіцца не захоча. Хутчэй ужо ўкіне яе ў ваду, каб ня трапіць у бяду… Учора ў шынку „Каля залатога вянка“ разгаманіўся я з адным чалавекам з провінцыі, гадоў шэсьцьдзесят яму будзе. Ён прыехаў у Новую Пану скардзіцца ва ўправу акругі, што ў яго рэквізавалі карахвашку. Паваротам назад, як ужо яго з управы акругі выкінулі, ён суняўся падзівавацца на ваенны абоз. Нейкі хлапец з абозных, які вёз консэрвы для арміі, папрасіў яго з хвілінку папільнаваць коні, ды больш і не вярнуўся. Калі абоз рушыў у дарогу, старому прышлося ехаць з усімі, і такім парадкам ён трапіў у Вэнгрыю, а там ён сам папрасіў аднаго разявайлу папільнаваць яго возу і толькі і гэтым і ратаваў сябе, а то-б яго і ў Сэрбію зацягнулі. З таго часу, кажа, расчыніліся ў яго вочы, і ён больш з скарбовымі рэчамі ня хоча мець ніякае справы.
Увечары прышоў той самы набожны фэльдкурат, што ўраньні тож меўся правіць палявую імшу ў сапёраў. Гэта быў фанатык, які імкнуўся чыста ўсіх прыцягнуць да бога. Яшчэ як быў настаўнікам закону ў школе, ён разьвіваў рэлігійныя пачуцьці ў дзяцей аплявухамі, і газэты часам зьмяшчалі пра яго допісы накшталт „Жорсткі настаўнік закону божага“ або