бачыў у іхнай кампаніі у другім рэсторане „Монмартр“ на Цэпнай вуліцы, агент Брыксі, дзе, як ён ужо пацьвердзіў у пратаколе сваім подпісам, таксама плаціў за іх па рахунку.
Пад час допыту ў паліцэйскім вучастку на ўсе запытаньні ён лемантаваў адным стэрэатыпным сказам:
— У мяне папяровы магазын!
На што меў такі самы стэрэатыпны адказ:
— Гэта не апраўданьне.
Другі, невялічкі на ўзрост пан, якому тая самая няпрыемнасьць прытрапілася ў віньніцы, быў выкладчык гісторыі і апавядаў гаспадару гэтай віньніцы гісторыю розных замахаў. Спасьцігнуў яго дэдэктыў акурат у той момант, як канчаў ён псыхолёгічны разбор замаху, як гэткага, словамі:
— Думка аб замаху такая-ж простая, як калумбава яйка.
— У такой-жа меры, як і тое, што вас чакае турма, — дапоўніў паліцэйскі камісар яго выснову пад час допыту.
Трэці змоўнік быў старшыня гуртка дабрачынцаў пад назваю „Дабралюб“ у Гадкавічках. У дзень, калі быў зроблен замах, „Дабралюб“ наладзіў у садзе ігрышча з музыкай. Прышоў жандарскі ротмістр і патрабаваў зараз-жа спыніць гульню, бо Аўстрыя ў жалобе. На гэта старшыня „Дабралюбу“ дабрадушна сказаў:
— Чакайце хвіліначку, зараз дайграюць „Гэй, славяне“.
Цяпер ён сядзеў, пахіліўшы галаву, і енчыў:
— У жніўні будуць перавыбары прэзыдыі. Калі мяне ня будзе ў хаце, можа трапіцца, што мяне ня выберуць. Мяне ўжо дзесяць раз узапар выбіралі за старшыню. Гэткага сораму я не перажыву.
Цудоўную штуку састроіў нябожчык Фэрдынанд з чацьвертым арыштантам, пра якога трэба сказаць, што гэта быў чалавек з адкрытым характарам і рыцарскім сумленьнем. Два дні ён унікаў ад усякіх гутарак пра Фэрдынанда, і толькі ўвечары ў кафэ, пад час гульні ў карты, пачынаючы сёмую кульку, крыкнуў:
— Сем кулек, як у Сараеве!
Пяты, які, як сам ён сказаў, сядзіць за забойства пана эрцгэрцага, быў дагэтуль так уструшаны жахам, што яго галава