— Пакіньце нас адных, Швэйк, у нас ёсьць сякія-такія справы.
Швэйк выпрастаўся па-вайсковаму.
— Так точна, пане фэльдкурат, пакіну вас адных.
І пашоў на кухню.
У пакоі тым часам ішла дужа цікавая гутарка.
— Вы прышлі атрымаць грошы па вэксалю, калі не памыляюся? — запытаўся фэльдкурат у свайго гасьця.
— Так, і спадзяюся…
Фэльдкурат уздыхнуў.
— Чалавек часьцяком трапляе ў такое становішча, што яму нічога больш не выпадае рабіць, як толькі спадзявацца. О, як прыгожа гучыць слова „надзея“ з тае высока-поэтычнае трыяды „Вера, Надзея, Любоў“, якая ўздымае чалавека над жыцьцёвай будзённасьцю…
— Я спадзяюся, пан палкавы ксёндз, што сума…
— Бязумоўна, васпане, — перапыніў яго фэльдкурат, — магу яшчэ раз паўтарыць, што слова „надзея“ надае чалавеку сілы ў яго жыцьцёвым змаганьні. Ня губляйце і вы надзеі. Як добра мець пэўны ідэал, быць бязьвінным, бязгрэшным стварэньнем, якое дае грошы пад вэксалі і спадзяецца атрымаць сваячасова грошы назад! Спадзявацца, заўсёды спадзявацца, што я заплачу вам тысячу дзьвесьці крон, тым часам, як у мяне ў кішэні няма і поўнае сотні.
— У такім разе вы… — захліпнуўся госьць.
— У такім разе я… — адказаў фэльдкурат.
На гасьцёвым твары зьявілася зноў упартая і злосная міна.
— Васпан, гэта жульніцтва! — сказаў ён, устаючы.
— Супакойцеся, даражэнькі…
— Гэта — жульніцтва! — закрычаў госьць. — Вы скарысталі маю даверлівасьць…
— Васпан, — сказаў фэльдкурат, — вам бязумоўна не пашкодзіць перамена паветра. Тут надта горача. Швэйк! — крыкнуў ён. — Гэтаму пану трэба падыхаць сьвежым паветрам.
— Дазвольце далажыць, пане фэльдкурат, — пачулася з кухні, — я яго ўжо раз выкінуў.
— Паўтарыць! — скамандаваў фэльдкурат і каманда была выпаўнена хутка і спрытна.