Вярнуўшыся з ганкаў, Швэйк сказаў:
— Добра, што мы адкараскаліся ад яго, пакуль ён ня ўправіўся яшчэ набуяніць… Быў у Малешыцы адзін шынкар, вялікі грамацей, — і ў яго на ўсё былі цытаты з сьвятога пісьма. Калі яму даводзілася лупцаваць каго-небудзь бізуном з бычынага жыльля, ён заўсёды прыгаварваў: „Хто шкадуе лазы, той ненавідзе сына свайго, а хто яго любіць, той у пару карае яго… Я табе пакажу, як біцца ў мяне ў шынку“.
— Вось бачыце, Швэйк, што напаткае кожнага, хто не шануе ксяндза, — усьміхнуўся фэльдкурат. — Сьвяты Ян златавуст сказаў: „Хто шануе пастыра свайго, той шануе хрыста ў пастыры сваім, а хто зьневажае пастыра, той зьневажае госпада, намесьнікам якога ёсьць пастыр“… Да заўтрашняга саборваньня нам трэба добра падрыхтавацца. Засмажце яечню з вянглінай, сгатуйце пунш-бордо, а потым ахвяруем сябе на душэўныя разважаньні, бо, як сказана ў вячэрняй малітве: „Божай літасьцю адхілены ўсе падступствы ворагаў супроць дому гэтага“.
Бываюць на сьвеце трывалыя людзі — да іх належыў і чалавек, двойчы выкінуты з фэльдкуратавае кватэры. Ці толькі згатавалі вячэру, нехта пазваніў. Швэйк пайшоў адчыніць, неўзабаве вярнуўся і далажыў:
— Ён зноў тут, пане фэльдкурат, я яго да часу замкнуў у ванным пакоі, каб нам можна было спакойна павячэраць.
— Нядобра, вы зрабілі, Швэйк, — сказаў фэльдкурат, — госьць у хату — бог у хату. У даўнейшыя часы на банкетах прымушалі блазнаў пацяшаць гасьцей. Прывядзіце-тка яго сюды, хай ён нас троху пацешыць.
Праз хвіліну Швэйк вярнуўся з настойлівым панам. Пан глядзеў пахмура.
— Сядайце, — ласкава запрасіў фэльдкурат. — Мы якраз канчаем вячэру. Мы толькі вось елі омара і ласасіну, а цяпер узяліся за яечню з вянглінай. Чаму нам не параскашавацца, калі на сьвеце ёсьць людзі, якія пазычаюць грошы?
— Спадзяюся, што я тут не для жартаў, — сказаў пахмуры пан. — Я тут сёньня ўжо трэці раз. Спадзяюся, што цяпер усё высьветліцца.