вечару! Скажэце яму, Швэйк: „Пан фэльдкурат вам нічога ня дасьць“.
Швэйк выканаў загад, раўнуўшы гэта гасьцю ў самае вуха.
Адылі настойлівы пан застаўся на месцы.
— Швэйк, — сказаў фэльдкурат, — запытайце яго, ці доўга ён яшчэ мае сядзець тут?
— Я не крануся з месца, пакуль мне ня будзе заплочана, упарта заявіла гідра.
Фэльдкурат устаў, падышоў да вакна і сказаў:
— У такім разе, перадаю яго вам, Швэйк. Рабіце з ім, што хочаце.
— Пойдзем, васпане, — сказаў Швэйк, узяўшы гасьця за плячо. — Бог тройцу любіць.
І паўтарыў сваё практыкаваньне шпарка і шыкоўна пад хаўтурны мэрш, які тарабаніў на ваконнай шыбе фэльдкурат.
Вечар, прысьвечаны душэўным разважаньням, прайшоў праз некалькі фаз. Фэльдкурат так шчыра і палка імкнуўся да бога, што ўжо а дванаццатай гадзіне ўначы па кватэры разьлягалася яго пяяньне:
Калі ў паход мы зьбіраліся, |
З ім разам сьпяваў і добры ваяка Швэйк.
*
У вайсковым шпіталі саборваньня патрабавалі двое: стары майор і афіцэр з запасных, былы банкаўскі чыноўнік. Абодвы яны дасталі сабе па кулі ў жывот і ляжалі побач. Афіцэр з запасных уважаў за свой абавязак саборвацца, бо яго начальнік, майор, жадаў прыняць саборваньне і ён, падлеглы, лічыў, што парушыць дысцыпліну, калі ня дасьць сябе саборваць. Набожны майор меў пэўную рахубу — ён меркаваў, што малітва вылечыць яго ад хваробы. Адылі ўначы перад саборваньнем абодва памерлі, і калі раніцай у шпіталь зьявіліся фэльдкурат са Швэйкам, абодва ваякі ляжалі пад посьцілкамі са счарнелымі, як у задаўленьнікаў, тварамі.