Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/143

Гэта старонка была вычытаная

— Эх, такога форсу мы з вамі напусьцілі, пане фэльдкурат, а цяпер нам увесь інтарэс сапсавалі! — абураўся Швэйк, калі ў канцылярыі ім паведамілі, што тым дваім ужо больш нічога ня трэба.

І сапраўды, форсу яны напусьцілі. Ехалі яны ў карахвашцы, Швэйк званіў, а фэльдкурат трымаў у руцэ пляшачку з алеем, загарнутую ў сарвэтку, і бласлаўляў ёю падарожнікаў, якія з сур‘ёзным выглядам зьдзявалі шапкі. Праўда, што іх было ня надта многа, хоць Швэйк і стараўся нарабіць сваім званком як мага болей шуму. За карахвашкай беглі падшывальцы, адзін з іх падчапіўся ззаду да карахвашкі, а ўсе іншыя крычалі ў адзін голас:

— Гэй ззаду, ззаду!..

Швэйк званіў на ўсе застаўкі, рамізьнік сьцёбаў каня. На Вадзічковай вуліцы карахвашку дагнала нейкая швэйцарыха, сябра хрысьціянскага таварыства сьвятой Марыі, на ўсім хаду ўзяла блаславеньне ад фэльдкурата, перахрысьцілася, потым злосна плюнула і крыкнука:

— Скачуць, як чэрці! Да сьмерці загналі! — і, задыхаўшыся, вярнулася на сваё старое месца.

Званок найбольш турбаваў рамізьнікаву шаўлюгу, у якой, мабыць, з гэтым гукам былі злучаны нейкія ўспаміны юнацтва: прынамсі яна бесьперастанку азіралася назад і часамі памыкалася пусьціцца ў скокі сярод вуліцы.

Гэта і быў той „форс“, пра які казаў Швэйк.

Фэльдкурат пашоў у канцылярыю высьветліць фінансавы бок саборваньня і налічыў дзелаводу шпіталя, што ваенна-мэдыцынскае ведамства вінавата яму, фэльдкурату, блізка сто пяцьдзесят крон за сьвянцоны алей і за дарогу. Потым адбылася спрэчка на гэтую тэму паміж галоўным лекарам шпіталю і фэльдкуратам. Фэльдкурат, стукаючы кулаком аб стол, адчыкрыжыў:

— Ня думайце, капітан, што саборваньне робіцца на дармаўшчыну. Як драгунскага афіцэра камандыруюць на конскі завод за рамонтам, яму-ж плоцяць камандыровачныя! Вельмі шкода, што тыя двое не дачакаліся саборваньня, а то-б я ўзяў на пяцьдзесят крон даражэй.