— А ну-тку... — сказаў ён, бяручы яшчэ. — Усяго адно ачко перабору, — сказау ён узяўшы карту. — Дай-тку яшча карцінку, — браў ён удругое. — Стоп! Досыць.
— Дваццаць, — сказаў банкір.
— У мяне дзевятнаццаць, — праказаў фэльдкурат троху цішэй, плоцячы ў банк астатнія сорак крон з сотні, якою Швэйк думаў адкупіцца ад новага прыгону.
Варочаючыся дадому, фэльдкурат прышоў да перакананьня, што нічога не парадзіш, што Швэйка нічым не ратуеш і што, значыцца, так ужо наканавана яму — служыць у паручніка Лукаша.
— І калі Швэйк адчыніў яму дзьверы, фэльдкурат сказаў:
— Усё дарэмна, Швэйк. Суджанага ня мінеш! Я прайграў і вас і вашыя сто крон. Я зрабіў усё, на што мая змога, але лёс мацнейшы за нас. Ён аддаў вас на зьежу паручніку Лукашу... Надышоў час нам расстацца.
— А як, ці ў вас банк сарвалі, ні на руцэ прасадзілі? — з цікавасьцю запытаў Швэйк. — Дрэнь справа, калі карты ня ідуць, але ашчэ горай, калі ўжо занадта папрэ... Жыў у Здэразе бляхар, на прозьвішча Вэйвода, і часьцяком іграў у адным шынку ў карты. Аднаго разу нячысты яго падмусьціў прапанаваць: „Ці ня згуляем хаця па маленькай?“ Ну, селі гуляць. Трымаў банк ён. На першым коне перакрыў усіх, банк вырас да дзесяткі. Стары Вэйвода хацеў і іншым даць выйграць разок і праз увесь час прыгаварваў: „Ну-тку, маленькая, благенькая, сюды“. Ці дасьцё веры, як яму не шанцавала: маленькая гэта, благенькая ня ішла — дый годзе! Банк рос, стаяла там ужо сотня. З гулыцоў ні ў кога столькі ня было, каб пайсьці на ўвесь банк, а Вэйвода аж уваўрэў чыста ўвесь. Адно і чуваць было: „Маленькая, благенькая, сюды!“ Гульцы станавілі па пяцёрцы і скрозь прайгравалі. Адзін камінар так распаліўся, што зьбегаў дадому па грошы, і як у банку было паўтары сотні, пайшоў на банк. Вэйвода хацеў сьпусьціць банк і наважыўся браць хоць да трыццацёх, абы ня выйграць, а замест гэтага адразу ўзяў два тузы. Тады ён прыкінуўся, нібы ў яго нічога няма, і кажа: „Шаснаццаць!“. А ў камінара было ўсяго са ўсім пятнаццаць. Ну хіба-ж гэта не няшчасьце?Небарака Вэйвода