калі яны ўчынялі яму якое-небудзь паскудзтва: яны галадзілі канарку, адзін дзяншчык выбіў ангорскаму кату вока, пінчэра лупсавалі, абы толькі трапіў пад руку і зрэшты, адзін швэйкавы папярэднік завёў небараку да Лупекі на Панкрац і даў „спарадчыць“ яго, не пашкадаваўшы на гэтую справу дзесяць крон з свае кішэні. Паручніку ён пасьля паведаміў, што сабака зьбег ад яго на шпацыры. Назаўтрага гэты дзяншчык ужо маршаваў з ротаю на пляцы.
Як прышоў Швэйк да Лукаша і далажыў, што ад гэтага дня бярэцца за свае новыя абавязкі, паручнік увёў яго ў свой пакой і сказаў яму:
— Вас рэкомэндаваў мне пан фэльдкурат Кац. Спадзяюся, што вы не зганьбіце ягонае рэкомэндацыі. У мяне быў ужо тузін дзяншчыкоў і ніводзін з іх не наседзеў тут цёплага месца. Загадзя кажу вам, што я строгі і бязьлітасна караю за кожную подласьць і ману. Я вымагаю, каб вы скрозь гаварылі адну праўду і бесьпярэчна выконвалі ўсе мае загады. Калі я скажу: „Скачце ў вагонь“, дык вы павінны скакаць у вагонь, нават каб вам гэтага і не хацелася. Куды вы глядзіцё?
Швэйк з цікавасьцю глядзеў у бок, дзе вісела клетка з канаркаю. Пачуўшы паручнікава запытаньне, ён утаропіў у яго свае добрыя вочы і адказаў мілым дабрадушным тонам.
— Дазвольце далажыць, пане паручнік, гэтая канарка гарцкая.
Перапыніўшы гэткім парадкам паручнікаву мову, Швэйк гвыструніўся і, ня міргнуўшы, утаропіўся паручніку ў твар.
Паручнік хацеў быў сказаць што-небудзь мацнейшае, але угледзеўшы бязьвінны выраз Швэйкавага твару, адно сказаў:
— Пан фэльдкурат атэставаў вас, як рэдкага ёлупа. Здаецца, што ён не памыліўся.
— Дазвольце далажыць, пане паручнік, пан фэльдкурат сапраўды не памыліўся. Як служыў я ў строі, дык мяне зволілі за ідыётызм. З гэтае прычыны нас адпусьцілі з палка двух: мяне і яшчэ аднаго капітана фон-Кауніц. Той, ня пры вас кажучы, пане паручнік, ідучы вуліцаю, адначасна калупаў правай рукой у правай наздры, а левай — у левай. На вучэньні ён кожнага разу шыхаваў нас, як на парадзе, і гаварыў: „Салдаты,