Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/165

Гэта старонка не была вычытаная

— Бачыце вы, — зазначыў Швэйк сам сабе, з цікавасьцю азіраючы дзенныя падзеі. — Султан узнагарадзіў імпэратара Вільгельма вайсковым ордэнам, а ў мяне да гэтага часу нават малой сярэбранай мэдалі няма.

Ён задумаўся і раптам ускочыў:

— Бадай не забыўся!

І пашоў у пакой да паручніка. Паручнік моцна спаў. Швэйк узбудзіў яго.

— Дазвольце далажыць, пане паручнік, ня маю загаду наконт ката.

Заспаны паручнік адно перавярнуўся на другі бок, нездаволена прамартымаў:

— На тры дні ў арыштоўню!

І заснуў зноў.

Швэйк паціху вышаў з пакою, выцягнуў няшчаснага ката з-пад канапы і сказаў яму:

— Чуеш? На тры дні ў арыштоўню! Кругом марш!

І ангорскі кот падлез назад пад канапу.

*

Швэйк толькі прыладзіўся быў пайсьці нагледзець якога-небудзь пінчэра, аж з параднага пазваніла маладая дама і заявіла, што мае гутарыць з паручнікам. У дамы былі два вялікія чамаданы, і Швэйк управіўся заўважыць насільшчыка, які ішоў уніз па сходах.

— Няма дома, — сказаў цьвёрда Швэйк, але маладая дама была ўжо ў пярэднім пакоі і катэгорычна заявіла Швэйку:

— Занясіце чамаданы ў пакой.

— Без дазволу пана паручніка гэтага ня можна, — сказаў Швэйк. — Пан паручнік загадаў, каб без яго не рабіць нічога-ніякага.

— Вы звар‘яцелі! — крыкнула дама. — Я прыехала да пана паручніка ў госьці.

— Пра гэта я нічога ня ведаю, — адказаў Швэйк. — Пан паручнік на службе і вернецца толькі ўначы, а я маю загад знайсьці пінчэра. Ні аб якіх чамаданах і ні аб якіх дамах ні-