чога ня ведаю. Я замкну кватэру, і вельмі прасіў-бы вас выйсьці. Мне не пакінулі ніякага загаду, і я не магу чужую, невядомую мне асобу пакідаць адну ў кватэры. У нас на вуліцы ў цукерніка Бяльчынскага вось так пакінулі чужога чалавека ў доме, дык ён вытрас гардэроб і зьнік. Я гэтым нічога дрэннага пра вас ня хочу сказаць, — зрабіў увагу Швайк, убачыўшы, што дама крывіць у роспачы твар і плача. — Але заставацца тут вам ніяк ня можна, Усё-ткі вы самі павінны згадзіцца, што мне даручылі кватэру, дык я адказваю за кожную дробязь. Таму яшчэ раз шчыра прашу дарма сябе не мардаваць. Пакуль я не атрымаў загаду ад пана паручніка, для мяне роднага брата ня існуе. Мне, далібог, вельмі шкода, што выпадае з вамі ў гэткім тоне размаўляць, але на вайсковай службе перш-на-перш мусіць быць парадак.
Маладая дама тымчасам троху ахамянулася, выняла з рэдыкуля візытную картку, напісала колькі радкоў алаўком, паклала гэта ў цудоўны маленькі канвэрцік і з пакорнай лагоднасьцю сказала:
— Занясіце гэта пану паручніку, а я пачакаю тут адказу. Вось маеце пяць крон на дарогу.
— З гэтага яшчэ нічога не вынікае, — адказаў Швэйк, якому дадзела назойлівасьць неспадзяванае госьці. — Пакіньце гэтыя пяць крон сабе — вось тут яны на крэсьле, а, калі хочаце, пойдзем разам да кашар, пачакайце там мяне, а я вашу картку перадам і прынясу адказ. Заставацца-ж тут ніяк ня можна.
З гэтымі словамі ён увалок чамаданы ў пярэдні пакой і, бразгаючы ключмі, нібы той ключнік у палацы, сказаў многазначна:
— Замыкаем…
Маладая дама з недалужным выглядам вышла на сходы. Швэйк замкнуў дзьверы і пашоў наперад. Візытантка бегла за ім, як сабачка, і даганяла яго толькі як Швэйк зайшоў у крамку купіць цыгарак. Яны пашлі поплеч і дамачка памкнулася завесьці гутарку:
— А вы яму ліст перадасьцё напэўна?
— Перадам, раз сказаў.