— Дазвольце далажыць, я ёй нічога не зрабіў, пане обэр-лейтэнант[1]. Я трымаў сябе як належыць, але-ж яна дык хацела зараз-жа ў кватэры асталявацца. А раз я не атрымаў ад вас ніякага загаду, дык я яе ў кватэры не пакінуў. Ды яшчэ да ўсяго прыехала з двума чамаданамі, быццам дахаты.
Паручнік яшчэ раз гучна ўздыхнуў, што сьледам за ім прарабіў і Швэйк.
— Што? — з пагрозай крыкнуў паручнік.
— Дазвольце далажыць, пане паручнік, — гэта цяжкая прыгода. Гады з два таму на Войтэскай вуліцы ўехала да аднаго шпалерніка паненка, а ён ніяк ня мог яе выжыць. Мусіў атруціць і сябе і яе сьвяцільным газам, на тым быў і жарту канец. Чыстая бяда з бабамі! Я іх усіх бачу навылёт!
— Цяжкая прыгода, — пераказаў паручнік сьледам за Швэйкам, і ніколі яшчэ не гаварыў ён гэткае шчырае праўды.
„Дарагі Гэнрых“ сапраўды быў у брыдкім становішчы. Жонка, за якою незіркам гоніцца муж, прыяжджае да яго гасьцяваць на некалькі дзён у такі момант, калі во-во мае прыехаць з Тршэбоні пані Міцкова, якая прарабляе гэта рэгулярна раз у тры месяцы, калі прыяжджае ў Прагу з справункамі. Апроч таго пазаўтраму мае прысьці адна паненка, якая па цэлым тыдні разваг адважылася нарэшце паддацца чарам паручніка, бо ёй усёроўна праз месяц ісьці замуж за інжынэра.
Паручнік сеў на стол, пахіліў галаву і стаў думаць, але ня прыдумаў нічога лепшага, як сесьці за стол ды напісаць на службовым блянку наступнае:
„Дарагая Кэці!
Да 9 гадзіны я дзяжуру. Прыду а 10. Прашу адчуваць сябе ў мяне як дома. Што да Швэйка, дык я ўжо даў яму загад, каб усё, што ты захочаш, была выканана. Твой Гэнрых“.
— Аддайце гэты ліст пані, — сказаў паручнік. — Загадваю вам абыходзіцца з ёй ветла і выконваць усе яе жаданьні, якія павінны быць вам законам. Будзьце ў адносінах да яе далікатны. Служыце ёй з поўнаю шчырасьцю. Вось маеце сто
- ↑ Швэйк тытулуе паручніка Лукаша то па-чэску, то па-нямецку.