выбрыкаў ці далікатных сцэн. — Калі хочаш зрабіць тут якія справункі, дык нам трэба сьпяшацца. Поезд ідзе ў дваццаць хвілін на трэцюю.
Муж і жонка па-сяброўску разьвіталіся з паручнікам, а гандляр хмелем быў такі рады, што выходзячы, сказаў у пярэднім пакоі паручніку:
— Калі часам, крый божа, вас на вайне параняць, прыяжджайце да нас папраўляцца. Будзем вас шчыра даглядаць.
Вярнуўшыся ў спальню, дзе апраналася ў дарогу мадам Кэці, паручнік знайшоў на рукамыйніку чатырыста крон з наступнай запіскай.
„Пане паручнік, вы ня здолелі абараніць мяне ад гэтае малпы, майго мужа, ідыёта найвышэйшага гатунку. Вы дазволілі яму звалачы мяне, нібы нейкую рэч, якую забыліся ў вашай кватэры. Разам з гэтым вы дазволілі сабе зрабіць заўвагу, што вы прапанавалі мне сваю гасьціннасьць. Спадзяюся, што я не ўвяла вас ў большыя страты, чымся прыкладзеныя тут чатырыста крон, якія прашу падзяліць з вашым слугой“.
Паручнік Лукаш з хвіліну стаў з запіскай у руках, потым паволі яе разадраў, з усьмешкай зірнуў на грошы, што ляжалі на рукамыйніку, і ўгледзіўшы, што ўзрушаная дамачка забылася на стале грабянец, як часалася на дарогу, далучыў грабянец да колекцыі сваіх фэтышаў.
Па абедзе вярнуўся Швэйк. Ён хадзіў шукаць пінчэра для паручніка.
— Швэйк! — сказаў паручнік, — нам пашанцавала. Дама, што жыла ў мяне, паехала. Яе павёз муж. А за ўсе паслугі, якія вы ёй зрабілі, яна пакінула вам чатырыста крон. Вы павінны ёй як мае быць падзякаваць, а таксама і мужу, бо гэта ўласна ягоны грошы. Я вам прадыктую ліст.
І ён прадыктаваў:
„Шаноўны пане! Дазвольце перадаць шчырую падзяку вашай дружыне за чатырыста крон, якія яна даравала мне за паслугі пад час быцьця яе ў Празе. Усё тое, што я для яе зрабіў, я зрабіў са свае ахвоты і таму не магу прыняць памянёныя грошы і пасылаю іх ёй“… Ну, дык пішэце далей, Швэйк! Чаго вы там муляецеся? На чым я спыніўся?