бярэ ад жыцьця ўсё. Сьвет яму здаецца такім прыгожым, як юнаку, што атрымаў атэстат сталасьці.
Але раптам вы бачыце, што ўся ягоная жвавасьць зьнікае, сабака пачынае адчуваць, што загінуў. Тут на яго находзіць роспач. У спалоху ён пачынае лётаць туды-сюды, нюхаць паветра, скавытаць і ў паніцы, падтуліўшы хвост, заклаўшы назад вушы, кідаецца пасярод вуліцы, сам ня ведаючы куды. Хай-бы меў ён здатнасьць да мовы — закрычаў-бы: „Ой, ой, ой, Езус-Марыя! Як бач, мяне ўкрадуць!“
Былі вы калі-небудзь на сабачым рынку? Бачылі вы там абак са спалоханымі мордамі? Гэта ўсё крадзеныя. Сталіца стварыла асаблівы гатунак злодзеяў, што жывуць выключна крадзяжом сабак. Ёсьць дробныя пароды хатніх сабак, карлікавыя тэр‘еры, у велькі з рукавіцу, якія лёгка зьмесьцяцца ў кішэні ў паліце ці ў дамскай муфце: іх так і носяць. Дык і адтуль зладзеі сьцягнуць у вас небараку. Злога нямецкага плямістага дога, які люта сьцеражэ загародны асабняк, крадуць сярод ночы. Паліцэйскага сабаку стыраць у паліцыянта з-пад носу. Калі вы вядзіцё сабаку на раменьчыку, у вас перарэжуць раменьчык і зьнікнуць разам з сабакам, а вам выпадзе толькі, асалапеўшы, разглядаць перарэзаны раменьчык. Пяцьдзесят процантаў сабак, якіх сустрэлі вы на вуліцы, некалькі разоў зьмянялі сваіх гаспадароў. Трапляецца часта, што чалавек купляе свайго ўласнага сабаку, якога ў яго колькі год таму ўкралі яшчэ шчанём.
Найбольшая небясьпека, што яго ўкрадуць, пагражае сабаку ў той момант, як выводзяць яе з малой ці вялікай фізыолёгічнай патрэбай. Асабліва многа прападае іх за гэтым другім фактам. Таму-ж усе сабакі і азіраюцца ў гэты час на бакі.
Ёсьць колькі мэтодаў красьці сабак. Крадуць сабаку хоць проста, непасрэдна, накшталт кішэннага зладзейства, а хоць няшчаснае стварэньне ліхамысным спосабам падманьваюць. Сабака верны, але адно ў хрэстаматыях ды ў падручніках прыродазнаўства. Дайце найвярнейшаму сабаку панюхаць смажаную кілбасу з кепскага мяса, і ён загінуў. Занядбаўшы гаспадара, за якім цягнуўся, ён мяняе кірунак і бяжыць за вамі. З роту ў яго цячэ сьліна і ў прачуваньні смаку кілбаскі ён ветла віляе хва-