— Раней, — зазначыў Швэйк, — было куды горай. Чытаў я ў нейкай кнізе, што абвінавачаныя, каб давесьці сваю бязьвіннасьць, павінны былі хадзіць басанож па расьпечаным жалезе і піць растопленае волава. А хто не хацеў павініцца, таму на ногі надзявалі гішпанскія калодкі, выцягвалі на дыбе, або прыпякалі пажарнай паходняй бакі, накшталт таго, як гэта зрабілі з Янам Непомуцкім[1]. Той кажуць, роў тады, нібы яго нажом рэзалі, і не пакінуў раўці аж датуль, пакуль ня скінулі яго з Элішкіна мосту ў непрамакальным мяшку. Гэткіх выпадкаў было гібель. А потым чалавека чвэртавалі ці садзілі на кол дзе-небудзь каля музэю. Калі-ж абвінавачанага толькі скідалі ў яму на галодную сьмерць, дык гэты чалавек пачуваў сябе так, нібы нанова на сьвет нарадзіўся. Цяпер сядзець у турме — глупства! — падхвальваў Швэйк. — Няма ні чвэртаваньня, ні калодак. Ложак у нас ёсьць, стол ёсьць, лаўкі далі, адзін аднаго мы ня цісьнем, поліўка нам належыць, хлеба дадуць, збан вады прынясуць, да ветру схадзіць — пад самым носам. Ува ўсім відаць поступ. Адно што падалека хадзіць на сьледзтва — па трох сходах узьнімацца на наступны паверх, але затое на сходах чыста і людна. Аднаго вядуць сюды, другога — туды. Тут малады, там стары, і мужчыны, і жанчыны. Рады сабе, што тут ты не адзін. Кожны спакойна ідзе ў сваю дарогу, і не выпадае баяцца, што яму ў канцылярыі скажуць: „Мы параіліся, і заўтра вы будзеце на ваш уласны выбар хоць чвэртаваны, хоць спалены“. Гэта быў цяжкі выбар. Я мяркую, панове, што многа хто з нас у гэткі момант аслупянеў-бы. Так, цяпер ужо ўмовы, на наша шчасьце, палепшыліся.
Швэйк толькі-толькі скончыў прамову на абарону сучаснага турэмнага ўвязьненьня грамадзян, аж нагляднік адчыніў дзьверы і крыкнуў:
— Швэйк, апранецеся ды ідзеце на допыт!
— Я апрануся, — адказаў Шрэйк, — супроць гэтага я нічога ня маю. Але баюся, каб ня было гэта непаразуменьне. Мяне ўжо раз выгналі з допыту. І потым я непакоюся, што ўсе іншыя панове, якія тут са мною, гатовы пакрыўдзіцца на мяне
- ↑ Каталіцкія святы.