Аперазаў Макса дзягаю ды ўсадзіў яго мордай у лужыну так, што той доўга ня мог на-чыста аблізацца.
Сабака заенчыў ад сваёй ганьбы і зачаў бегаць па кухні, з роспачы абнюхваючы свой уласны сьлед. Потым ні з таго ні з сяго падышоў да стала, зьеў пакладзеныя на падлозе выстанкі пячонкі, лёг да печкі і заснуў пасьля ўсіх трывог.
— Колькі я табе вінават? — запытаў Швэйк Благніка, разьвітаючыся.
— Кінь чмурыць, — мякка сказаў Благін. — Для старога таварыша я ўсё рады зрабіць, асабліва калі ён на вайсковай службе. Бывай здароў, галубок, ды не вадзі яго ніколі цераз Гаўлічковы пляц, каб ня здарылася бяды. Калі табе спатрэбіцца які-небудзь сабака — ты ведаеш, дзе я жыву.
Швэйк даў Максу як сьлед адаспацца, а тым часам купіў у разьніка чвэртку кілёграма пячонкі, адварыў яе і, паклаўшы Максу пад нос цёплы кавалак, стаў чакаць, калі ён прачнецца, Макс спрасонку стаў аблізвацца, пацягнуўся, аблюхаў пячонку і праглынуў яе. Потым ён падышоў да дзьвярэй і яшчэ раз прарабіў сваю практыку з брахнёй на клямку.
— Макс! — паклікаў яго Швэйк, — хадзі сюды! — Макс недаверліва падышоў, Швэйк узяў яго на ўлоньне і стаў гладзіць. Тут Макс упяршыню па-сяброўску завіляў рэшткаю свайго абцятага хваста і асьцярожна стаў хапаць Швэйка за рукі, узіраючыся ў Швэйка разумным поглядам, нібы гаворачы:
„Нічога, брат, не парадзіш, бачу, што справа прайграная“.
Не пакідаючы гладзіць сабаку, Швэйк стаў пяшчотным голасам казаць казку.
— Жыў-быў на сьвеце сабачка, звалі яго Люкс, а жыў ён у палкоўніка і вадзіла яго чалядніца гуляць. Але вось прышоў аднойчы адзін чалавек дый Люкса і стырыў. Трапіў Люкс на вайсковую службу да аднаго обэр-лейтэнанта і празвалі яго Макс… Макс, дай лапу!.. Значыць, будзем з табой, сукін сын, прыяцелі, калі толькі будзеш слухацца. А не, дык вайсковая служба табе добра дадзене.
Макс саскочыў з улоньня і жартам стаў кідацца на Швэйка. Пакуль прышоў паручнік, Швэйк і Макс ужо былі сябры. Гледзячы на Макса, Швэйк філёзофаваў: