Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/188

Гэта старонка не была вычытаная

варты ўвагі. Апавядаючы пра што-небудзь і выказваючы самыя абыдзённыя рэчы, ён заўсёды пытаўся, ці ўсе яго зразумелі, напрыклад: „Вось гэта, панове, вакно. Так-с. Ведаеце, што гэта вакно?“ Або: „Дарога, абапал якой пакапаны канавы, завецца саша, Так-с, панове. Ці ведаеце вы, што гэта — канава? Канава — гэта выкапанае рабочымі паглыбленьне пэўнае шырыні і даўжыні. Так-с. Капаюць канавы рыдлёўкай. Ці вядома вам, што гэта — рыдлёўка?“

Ён хварэў на манію ўсё тлумачыць і рабіў гэта з такім натхненьнем, з якім вынаходца апавядае пра сваю вынаходку.

„Кніга, панове, ёсьць вялікае мноства нарэзаных аркушоў паперы, надрукаваных і складзеных у кучу, пераплеценых і склееных клеем. Так-с. Ці ведаеце, панове, што гэта — клей? Клей — гэта такая клейкая матэрыя…“

Палкоўнік Краус быў такі дурны, што афіцэры яшчэ здалёк абміналі яго на вуліцы, каб ня выслухваць ад яго ісьцін, што тратуар ёсьць асобная ад бруку ўзьнятая панэль усьцяж фасадаў дамоў. А фасады дамоў — гэта тая частка, што відаць з вуліцы. Тыльнае-ж часткі дома з вуліцы ня відаць, у чым мы лёгка можам пераканацца, сышоўшы на брук. І ён з ахвотай дэмонстраваў гэту цікавую практыку, пакуль у адзін шчасьлівы дзень яго не пераехала фурманка. Ад тэй пары ён яшчэ больш падурнеў. Ён спыняў афіцэраў і заводзіў бясконцую гаварню пра амулеты, пра сонца, пра тэрмомэтры, пра здобныя пампушкі, пра вокны і пра паштовыя маркі.

Было, па-праўдзе, дзіўна, якім чынам гэты ідыёт здольны быў параўнаўча шпарка атрымліваць падвышэньні і карыстацца апекаю вельмі ўплывовых асоб, прыкладам карпуснога генэрала, які спрыяў яму, не ўважаючы на поўную палкоўнікаву няздатнасьць.

Пад час манэўраў палкоўнік вырабляў са сваім палком чыстыя дзівосы: ніколі нікуды парой не пасьпяваў і вадзіў полк калёнай супроць кулямётаў. Колькі год таму, на манэўрах у паўднёвай Чэхіі, за прысутнасьцю імпэратара, ён згінуў разам з палком, апынуўся з ім у Маравіі і праблукаў там з палком яшчэ колькі дзён пасьля таго, як рэшта ўдзельнікаў манэўраў ужо разышлася па кашарах. Сышло яму і гэта.