Праз прыяцельскія адносіны з карпусным генэралам і іншымі, ня менш дурнымі, вайсковымі вяльможамі старой Аўстрыі, ён атрымліваў розныя ўзнагароды і ордэны, якімі надзвычайна ганарыўся, лічыў сябе за лепшага салдата на сьвеце, за лепшага тэорэтыка стратэгіі і лепшага знаўцу ўва ўсіх ваенных навуках.
На палковых парадах ён раздабарваў з салдатамі і вечна пытаўся ў іх аб адным: чаму зазвычаеныя ў войску вінтоўкі завуцца „манліхеркі“?[1]
У палку з насьмешкай пра яго гаварылі: „Ну вось, разьвёў сваю манліхеровіну“!
Ён быў страшэнна імсьцівы і проста губіў тых з падлеглых афіцэраў, якія яму чамусьці не падабаліся. Калі, прыкладам, хто-небудзь з іх хацеў ажаніцца, ён перасылаў іхныя рапарты ў вышэйшую інстанцыю, дадаўшы ад сябе найдраньнейшыя рэкомэндацыі.
У палкоўніка не ставала палавіны левага вуха. Яго адсек яму ў пару ягонае маладосьці супраціўнік на дуэлі, якая вынікла была з простага константаваньня факту, што Фрыдрых Краус фон-Цыльлергут вялікі дурань.
Разабраўшы ягоныя душэўныя якасьці, мы прышлі-б да пераконаньня, што яны былі ані ня вышэйшыя за тых, якімі фанабэрысты Франц Іосіф Габсбург выславіўся, як агульнапрызнаны ідыёт, а менавіта: тыя-ж патокі балбатні, той-жа запас надзвычайнай наіўнасьці.
Аднойчы на банкеце ў афіцэрскім сабраньні, калі гутарка ішла пра Шылера, палкоўнік Краус фон-Цыльлергут ні з таго ні з сяго паплёў.
— А я, панове, бачыў учора плуг, якому даваў рух лёкомобіль. Уявеце, панове, лёкомобіль дзе не лёкомобіль, а цэлых два. Я бачу дым, падыходжу бліжэй, аж — лёкомобіль, а з другога боку другі. Скажыце мне, панове, ці-ж гэта ня сьмех? Два лёкомобілі, нібы мала было аднаго!
І, пратрываўшы паузу, дадаў:
- ↑ Прынятая ў аўстрыйскім войску сыстэма вінтовак Манліхера.