— На фронце, пане паручнік, з вамі гэткая рэч удругое ня здарыцца. Шпацыраваць у тыле з крадзенымі сабакамі, бязумоўна, вельмі прыемна. Так-с. Шпацыраваць з сабакам свайго начальства, тым часам, як мы штодня губляем на палёх вайны сотні афіцэраў… А абвесткі нячытаюцца. Я мог-бы даваць абвесткі сто год узапар, што ў мяне згінула сабака. Дзьвесьце год! Трыста год!
Палкоўнік гучна смаракнуў, што было ў яго заўсёды прыметаю вялікага раздражэньня і буркнуў скрозь зубы:
— Можаце ісьці гуляць далей! — завярнуўся і пашоў, злосна сьцёбаючы бізуном па полах свае афіцэрскае накідкі.
Паручнік Лукаш перайшоў на процілеглы тротуар і адтуль зноў пачуў: „Стой!“ Палкоўнік затрымаў нейкага няшчаснага пяхотніка-запаснога, які думаў пра пакінутую дома маці і не заўважыў яго. Палкоўнік уласнай рукою павалок яго ў кашары на пакараньне, наклікаючы на яго ўсякае ліха.
„Што зрабіць са Швейкам?“ — думаў разьлютаваны паручнік. — Расквашу яму ўсю морду!.. Не, гэтага мала. Нарэзаць у яго з сьпіны рамнёў — і то гэтаму нягодніку мала!“
Забыўшыся на тое, што ў яго мае быць сустрэча, азьвярэлы паручнік падаўся дахаты.
„Заб‘ю яго, паскудніка“, — сказаў ён сам сабе, узлазячы на трамвай.
Удалы ваяка Швэйк тым часам цалком быў удаўся ў гутарку з пасланцом з кашар. Пасланец прынёс паручніку паперу на подпіс і чакаў яго. Швэйк частаваў пасланца каваю. Гутарка ішла пра тое, што Аўстрыі будзе капут. Гаварылі пра гэта, як пра тое, аб чым ня можа быць аніякага сумненьня. Гэта была цэлая чарада высноў, кожнае слова з якіх было-б ацэнена судом, як дзяржаўная здрада, і дало-б поўную падставу на тое, каб павесіць іх абодвых.
— Гаспадар імпэратар ня іначай, як ад усяго гэтага апупеў, — меркаваў Швэйк. — Ён і наогул ніколі ня быў разумны, але гэтая вайна яго ўшчэнт даканае.
— Ён — даўбня, — грунтоўна сказаў салдат з кашар. — Дурны, як пень. Ён, мабыць, і ня ведае, што вайна. Яму, напэўна, пасароміліся пра гэта сказаць, а ягоны подпіс на маніфэсьце