Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/194

Гэта старонка не была вычытаная

да сваіх народаў адно ашуканства. Надрукавалі без яго ведама, — ён наогул ні аб чым думаць ня здольны.

— Ён тае… — тонам экспэрта дадаў Швэйк. — Брудзіць пад сябе і карміць яго мусяць як малое дзіця. Надовечы ў піўніцы адзін пан апавядаў, што ў яго дзьве мамкі і што тройчы на дзень гаспадару імпэратару даюць цыцкі.

— Эх, — уздыхнуў салдат з кашар. — Хай-бы хутчэй нам як сьлед надавалі, ці што, каб Аўстрыя супакоілася.

Гутарка цягнулася ў тым самым кірунку. Швэйк сказаў на карысьць Аўстрыі колькі мілосных слоў, а менавіта, што гэткай ідыёцкай монархіі няма месца на белым сьвеце, да чаго другі, каб надаць гэтаму выказу конкрэтную форму, дадаў:

— Ці толькі траплю на фронт, адразу ад іх — махні драла.

Так памалу выказвалі яны погляды чэхаў на сусьветную вайну. Пасланец з кашар сказаў, што па горадзе ходзяць чуткі, нібы ля Находу чуваць ужо гарматная страляніна і што рускі цар не па доўгім часе будзе ў Кракаве.

Далей мова ішла пра тое, што чэскі хлеб вывозяць у Нямеччыну і што нямецкія салдаты атрымліваюць у пайку цыгаркі і шоколад. Потым зачалі ўспамінаць войны мінулых часоў, і Швэйк сур‘ёзна даводзіў, што калі ў былыя часы ў абложаны горад няпрыяцелі кідалі сьмярдзючыя гаршкі з брудам, дык ня надта соладка было ваяваць у гэткім смуродзе. Ён, бач, чытаў, што адзін горад аблягалі на працягу трох год і няпрыяцель адно і рабіў, што дзень-у-дзень забаўляўся з абложанымі на гэткі манер.

Швэйк расказаў-бы і яшчэ што-якое ў гэткай-жа меры цікавае і навучальнае, каб гутарку не перарваў прыход паручніка Лукаша. Кінуўшы на Швэйка страшэнны зьнішчальны погляд, ён падпісаў паперы і, адпусьціўшы салдата, кіўнуў галавою Швэйку, каб ён ішоў за ім у пакой.

Вочы ў паручніка бліскалі маланкамі. Сеўшы на крэсла і гледзячы на Швэйка, ён меркаваў, калі пачаць мардабой.

„Перш дам яму разы са два па хары, — разважаў паручнік, — потым расквашу нос і паадзіраю вушы, а далей будзе відаць“.