— Агляду гэтых паноў я ані не баюся, — заявіў Швэйк. — Як служыў я на вайсковай службе, дык мяне аглядаў адзін вэтэрынар і абышлося ўсё дужа добра.
— Судовыя дактары — паскуднікі! — азваўся маленькі скурчаны чалавек. — Нядаўна неяк выпадкова адкапалі на маім лузе шкілет, і судовыя дактары заявілі, што гэтага чалавека забілі нейкай тупой зброяй у галаву гадоў сорак таму назад. Мне трыццаць восем гадоў, а мяне арыштавалі, хоць у мяне ёсьць пасьведчаньне аб хрышчэньні, выпіска з мэтрычнае кнігі і дакуманты з мае абшчыны.
— Я мяркую, — сказаў Швэйк, — што на ўсё гэта трэба глядзець бесстаронна. Кожны можа памыліцца і мусіць памыліцца тым хутчэй, чым болей пра што-небудзь думае. Судовыя дактары — людзі, а людзям уласьціва памыляцца. Аднойчы ў Мусьлях, акурат каля мосту цераз Боціч[1] падышоў да мяне ўначы адзін дабрадзей і трэснуў мяне даўбешкай па галаве, і калі я паваліўся на дол, пасьвяціў на мяне дый кажа: „Гэта ня ён“, дык так раззлаваўся за сваю памылку, што апёк мяне яшчэ па сьпіне. Так ужо чалавеку наканавана — памыляцца аж да самае свае сьмерці. Адзін пан, напрыклад, знайшоў уначы напоўзамерзлага шалёнага сабаку, узяў яго з сабою дахаты і падсунуў жонцы ў пасьцелю. Як толькі сабака выграўся ды ачуняў, паперакусаў усю сям‘ю, а самага маленькага ў калысцы разадраў і зьеў. А хоць дам яшчэ прыклад, як памыліўся адзін сьлёсар з нашага дома. Адамкнуў ключом падольскі касьцёл, думаючы, што ён прышоў дахаты, разуўся ў рызьніцы, думаючы, што ён у сваёй кухні, лёг на прастол і накрыўся пакровам і сьвятымі надпісамі, думаючы, што ён дома ў ложку, а пад галовы паклаў эвангелье і яшчэ нейкія сьвятыя кнігі, каб галаве ня было нізка. Ураньні агледзеў яго царкоўны стораж, а ён яму, калі ахамянуўся, дабрадушна заявіў, што з ім здарылася памылка. „Добрая памылка! — кажа царкоўны стораж. — Праз такую памылку нам прыдзецца нанова сьвяньціць касьцёл“. Потым апынуўся гэты сьлесар перад судовымі дактарамі, і яны яму давялі, што ён быў зусім
- ↑ Ручай.