прытомны, бо, каб быў п‘яны, дык-бы напэўна не патрапіў ключом у замок на дзьвярох касьцёлу. Потым ён памёр у турме... Дам вам яшчэ адзін прыклад, як у Кладне[1] памыліўся паліцэйскі сабака-аўчарка вядомага ротмістра Роттэра. Рытмістр Роттэр муштраваў сабак і здымаў практыку на бадзягах датуль, пакуль усе бадзягі не пачалі абмінаць Кладненскі раён. Тады Роттэр загадаў, каб жандары — што-б там ні было — прывялі якога-небудзь падазроннага чалавека. Дык яму прывялі аднойчы досыць чыста апранутага чалавека, які калі на яго натрапілі, сядзеў на пні ў Ланскіх лясох. Роттэр зараз-жа загадаў адрэзаць у яго кавалак крыса ад пінжака і даў гэты кавалак панюхаць сваім паліцэйскім сабакам. Потым таго яшчэ чалавека завялі на цягельню за горад і пусьцілі па яго сьлядох муштраваных сабак, якія знайшлі яго і прывялі назад. Гэта давялося яму лезьці па драбіне на гару, драцца цераз сьцяну, скакаць у возера, а сабакі — за ім. Напасьледак выявілася, што гэты чалавек быў дэпутат-радыкал, які паехаў пагуляць у Ланскія лясы, калі яму надакучыў парлямант. Вось таму я і кажу, што людзям уласьціва памыляцца, хай будзе гэта вучоны ці дурань неадукаваны. Памыляюцца і міністры.
*
Камісія судовых дактароў, якая мела вызначыць, ці адпавядае душэўны стан Швэйка ўсім тым злачынствам, у якіх яго вінавацяць, ці не, складалася з трох надзвычайна сур‘ёзных людзей. Думкі кожнага з іх цалкам разыходзіліся з думкамі двух іншых — гэта былі прадстаўнікі трох розных школ псыхіятраў.
І калі ў выпадку са Швэйкам злучыліся ў адно ўсе тры процілежныя навуковыя лягеры, дык гэта трэба растлумачыць выключна тым вялізным уражаньнем, якое зрабіў Швэйк на ўсю камісію, калі ёй, увайшоўшы ў залю, дзе мелася адбыцца дасьледваньне яго душэўнага стану, крыкнуў, угледзіўшы, што на сьцяне вісіць портрэт аўстрыйскага імпэратара: „Хай жыве гаспадар імпэратар Франц-Іосіф Першы!“.
- ↑ Горад цэнтральнае Чэхіі, асяродак каменнавугольнага раёну.