І пра гэты цудоўны момант Швэйк апавядаў з замілаваньнем. Мы не адважымся пераказаць усіх яго выразаў пра тое, што з ім потым рабілі. Адно памянём, што Швэйк апавядаў: „Адзін з іх трымаў мяне пад час гэтага на руках“.
Потым яго правялі назад, паклалі ў ложак і зноў папрасілі заснуць. Па некаторым часе яго ўзбудзілі і павялі ў пакой для агляду, дзе Швэйк, стоячы зусім галяком перад двума дактарамі, успомніў слаўную пару, калі быў ён навабранцам, і мімаволі з яго вуснаў зьляцела:
— Надыходзіць!
— Што вы кажаце? — запытаў адзін доктар. — Зрабіце пяць крокаў наперад і пяць назад.
Швэйк зрабіў дзесяць.
— Я-ж вам ясна сказаў, — зазначыў доктар, — каб вы зрабілі пяць.
— Мне лішнюю пару крокаў зрабіць ня шкода, мяне лішняя пара крокаў ня зморыць.
Пасьля гатага дактары патрабавалі ад Швэйка, каб ён сеў на стул, і адзін пачаў стукаць яго ў калена, потым сказаў другому, што рэфлексы цалкам нормальныя, на што другі пакруціў галавой і ўзяўся сам стукаць Швэйка ў калена, тым часам як першы ўзьнімаў Швэйку павекі і разглядаў яго зрэнкі. Потым яны адышліся да стала і сказалі колькі латынскіх тэрмінаў.
— Слухайце, умееце сьпяваць? — запытаў адзін доктар Швэйка. — Ці не маглі-б вы нам прасьпяваць якую-небудзь песьню?
— Калі ласка, — адказаў Швейк. — Хоць у мяне няма ані голасу, ані музычнага слыху, але для вас пастараюся прасьпяваць, раз вы надумалі пацешыцца.
І Швэйк ірвануў:
Што чарнец малады |