Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/35

Гэта старонка не была вычытаная

— Бадай нялёгкая была праца біць гэтую мармуравую дошку. Ці мо‘ вы яе друзганулі з аднаго маху? — запытаў з цікавасьцю Швэйк.

— З аднаго маху, — адказаў інтэлігенты пан.

— Дык вы прапалі, — задуменна сказаў Швэйк. — Вам давядуць, што вы налаўчыліся гэта рабіць пасьля доўгіх практыкаваньняў. А кава, у якую вы плюнулі, была з ромам ці бяз рому?

І не чакаючы адказу растлумачыў:

— Калі з ромам, дык горш, бо даражэй. На судзе ўсё падрахуюць, каб як-небудзь падвесьці пад сур‘ёзнае злачынства.

— На судзе?.. — зьбянтэжана пралапатаў прыстойны бацька і муж і, пахіліўшы галаву, удаўся ў той няпрыемны стан душы, калі чалавека ядуць згрызоты.

— А ведаюць дома, што вы арыштаваны, ці яны даведаюцца аб гэтым толькі з газэт? — запытаў Швэйк.

— Вы думаеце, што гэта зьявіцца... у газэтах? — наіўна запытала ахвяра імянін свайго начальніка.

— Абавязкова, — быў просты Швэйкаў адказ, бо ў Швэйка ніколі ня было ў звычаі хаваць што-небудзь ад размоўцы. — Чытачам дужа ўпадабаецца. Я сам заўсёды з прыемнасьцю чытаю разьдзел пра п‘яных і пра іхныя буянствы. Вось нядаўна ў шынку „Ля чашы“ адзін госьць састроіў такую штуку: разьбіў сам сабе галаву піўным кухлем. Падкінуў яго ўгару, а галаву паставіў. Яго павезьлі, а ўраньні мы ўжо пра гэта чыталі ў газэтах. Або, напрыклад, даў я неяк аднаму катафальшчыку ў пысу, а ён мне назад. Каб нас памірыць, дык мусілі абодвых арыштаваць, а ў вячорцы ўсё гэта ўжо было прапісана... ці вось яшчэ выпадак: у кавярні „Ля мерцьвяка“ адзір калескі асэсар патоўк два сподкі. Дык, думаеце, яго пашкадавалі? Назаўтрага-ж — будзьце ласкавы — трапіў у газэты... Вам астаецца толькі адно: паслаць у рэдакцыю абвяржэньне, што апублікаваная заметка вас ня тычыцца і што з гэтым панам аднаго з вамі прозьвішча вы не знаходзіцеся ані ў сваяцтве, ані ў якіх-небудзь іншых адносінах. А дахаты пашліце пісульку, папрасіце гэтае абвяржэннне выразаць і схаваць, каб вы здолелі яго прачытаць, высядзеўшы свой