— Я таксама заўсёды вельмі ахвотна раюся з іншымі, — адказаў Швэйк. — Дайце веры, пан камісар, я ніколі не забудуся на вашую дабрату.
Пачціва ўкланіўшыся, Швэйк вышаў з паліцыянтам уніз, у вартоўню, і праз чвэртку гадзіны яго можна ўжо было бачыць на вуліцы разам з другім паліцыянтам, падпахай у якога была вялізная кніга з нямецкім надпісам: „Кніга арыштаваных“.
На рагу Спаленай вуліцы Швэйк і ягоны канвойны наткнуліся на гурму людзей, якія таўкліся перад наклеенай абвесткай.
— Гэта маніфэст гаспадара імпэратара пра абвяшчэньне вайны, — сказаў Швэйку канвойны.
— Я гэта казаў наперад — сказаў Швэйк. — А ў вар‘яцкім доме пра гэта яшчэ нічога ня ведаюць, хоць яны, уласна мусілі-б ведаць гэта з першай крыніцы.
— Як гэта так? — запытаў паліцыянт.
— Бо там сядзіць многа паноў афіцэраў.
Як падышлі яны да другой купкі, што таўклася перад маніфэстам, Швэйк крыкнуў:
— Хай жыве імпэратар Франц-Іосіф! Мы пераможам!
Нехта з натхнёнае гурмы напнуў яму адным ударам шапку на вушы, і на вачох цэлага натоўпу, які ўсё разрастаўся, Швэйк у другое пашыбываў ў вароты паліцэйскае ўправы.
— Пераможам мы, зусім бясспрэчна, яшчэ раз кажу вам, панове!
І з гэтымі словамі Швэйк разлучыўся з натоўпам, які праводзіў яго.
РАЗЬДЗЕЛ VI
ШВЭЙК, ПЕРАРВАЎШЫ ЗАЧАРАВАНАЕ КОЛА, ЗНОЎ АПЫНУЎСЯ ДОМА
У паветры, якое патыхала ад сьцен паліцэйскае ўправы чулася, што тут пільна сочаць за настроем абываталяў у сувязі з абвяшчэньнем вайны. За выключэньнем некалькіх чалавек, што не зракліся свайго народу, якому выпадала кроўю зыйсьці за інтарэсы, зусім чужыя яму, паліцэйская