удзячнасьці) спала, абшчапіўшы яго за шыю. На падлозе вакол ложка валяліся перамяшаныя прылады мужчынскага і жаночага туалету. З усяго гэтага роіла відаць было, што швэйцар з „начной кавярні“ вярнуўся ўчора са сваёй дамай пад чаркай.
— Васпан, — сказаў Швэйк, трасучы нечаканага кватаранта, — васпан, каб вы часам не спазьніліся на абед. Мне было-б дужа няпрыемна, каб вы пра мяне гаварылі, што я вас вытурыў, як ужо нідзе не знайсьці абеда.
Прайшло ці мала часу, пакуль заспаны швэйцар з „начной кавярні“, нарэшце, не разьдзяўбаў, што вярнуўся дахаты гаспадар ложка і заяўляе на яго свае законныя правы.
Па ўласьцівай усім выкідайлам „начных кавярняў“ звычцы пан гэты выказаўся ў тым сэнсе, што перацярэбіць рэбры кожнаму, хто наважыцца яго будзіць. Пасьля гэтага ён прыладзіўся спаць далей.
Тым часам Швэйк сабраў часткі яго раскіданага туалету, прынёс іх да яго ў ложак і, энэргічна страсянуўшы яго, сказаў:
— Калі вы не надзенецеся, дык прыдзецца вас выкідаць на вуліцу так, як вы ёсьць. Вам будзе куды выгадней выляцець адсюль надзеўшыся.
— Я меўся спаць да восьмай гадзіны ўвечары, — прагаварыў аслупянелы швайцар і стаў усьцягваць порткі. — Я плачу гаспадыні за ложак дзьве кроны ў дзень і магу вадзіць сюды паненак з кавярні... Маржэнка, уставай!
Надзеўшы каўнерык і завязваючы гальштук, ён ўжо да таго ачухаўся, што стаў запэўняць Швэйка, што начная кавярня „Мімоза“, бязумоўна, адна з самых прыстойных устаноў, куды дапускаюцца только тыя дамы, у якіх жоўты білет у поўным парадку, і шчыра запрашаў Швэйка туды залучыць.
Яго сяброўку, наадварот, такая абыходка задаволіла ня надта, і яна зьвярнулася да Швэйка з некалькімі вялікапанскімі выразамі, з якіх найдалікатнейшым быў:
— Боўдзіла дурное.
Як пашлі няпрошаныя кватаранты, Швэйк пашоў на кухню па пані Мюлер, каб разам з ёю упарадкаваць у хаце, але не знайшоў ніякіх сьлядоў ад яе, апроч кавалка паперы, на якім