алоўкам былі накрэмзаны крывулькі пані Мюлер. Яна знайшла надзвычай простае выйсьце з няпрыемнага становішча, у якім апынулася ў сувязі са здадзеным на часовае карыстаньне Швэйкавым ложкам. На паперыне было напісана:
„Даруйце, паночку, я вас больш ня ўбачу, бо кідаюся з вакна“.
— Брэша! — сказаў Швэйк і стаў чакаць.
Праз паўгадзіны на кухню прыпаўзла няшчасная пані Мюлер, і па яе засмучоным абліччы відаць было, што яна чакае ад Швэйка слоў заспакаеньня.
— Калі маеце ахвоту выкінуцца з вакна, — сказаў Швэйк, — дык ідзіце ў мой пакой, вакно я адчыніў. Скакаць з кухоннага вакна я б вам ня раіў, бо вы скінецеся ў сад на ружы, здрапіцеце ўсе кусты, і за гэта вам давядзецца плаціць. З вакна ў маім пакоі вы спраўна зьляціце на тротуар, і калі скочыце ўдала — скруціце сабе галаву. Калі-ж вам не пашанцуе, дык вы паламаеце сабе толькі рэбры, рукі і ногі, і вам давядзецца плаціць за лекі ў больніцу.
Абмываючыся сьлязьмі, пані Мюлер ціха пайшла ў Швэйкаў пакой... зачыніла вакно і, вярнуўшыся, сказала:
Дзьме, а ў вас, паночку, раматус.
Паслаўшы потым пасьцелю і ўпарадкаваўшы ўсё з нязвычайнай стараннасьцю, яна вярнулася, усё яшчэ зарумзаная, на кухню і паведаміла Швэйку:
— Тыя два шчанючкі, паночку, што былі ў вас на двары, паздыхалі. А сэн-бэрнар зьбег пад час ператрускі.
— На яго ліха, — крыкнуў Швэйк, — ён гатоў трапіць у дрэнную гісторыю! Цяпер, напэўна, паліцыя будзе за ім цікаваць.
— Ён укусіў аднаго з паноў паліцэйскіх камісараў, як пад час ператрускі выцягалі яго з-пад ложка. Адзін з гэтых паноў сказаў, што там, пад ложкам, нехта ёсьць, і яму загадалі імем закону вылезьці вон, а як ён не захацеў, дык яго выцягнулі. Сэн-бэрнар перш кідаўся на іх, нібы ўсіх іх пажэрці хацеў, а тады выбіу дзьверы і даў лататы. Мне таксама зрабілі допыт, хто да нас ходзіць, ці не атрымліваем мы грошай з-за мяжы, а потым сталі да мяне чапляцца, лаячы мяне дурай, калі я сказала, што грошы з-за мяжы прыходзяць толькі гады-ў-рады,