Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/49

Гэта старонка не была вычытаная

Але нават Калёусу не пашчасьціла аб чым-небудзь дазнацца ад Швэйка. Ён атрымаў тое самае, што і Брэтшнэйдэр. Самыя тонкія політычныя размовы Швэйк пераводзіў на лячэньне сучак і шчанят, а спрытнае закідваньне найхітрэйшых нявідных сетак выходзіла на тое, што Брэтшнэйдэр вёў з сабой ад Швэйка яшчэ новае немажлівае страшыдла.

Гэтая незадача была канцом славутага шпэга Брэтшнэйдэра. Калі ў яго кватэры было ўжо сем такіх пачварын, ён у роспачы зачыніўся з імі ў заднім пакоі і не даваў ім нічога жраць аж датуль, пакуль сабакі ня зьелі яго самога (нагэтулькі ў яго, відаць, хапіла шляхетнасьці, каб ня ўводзіць дзяржаву ў страты на пахаваньне).

У паліцэйскай управе ў яго паслужны сьпіс, у графу „Падвышэньні ў службе“ былі ўпісаны наступныя, поўныя трагізму, словы:

„Сажраны ўласнымі сабакамі“.

Даведаўшыся пазьней пра гэту трагічную падзею, Швэйк праказаў:

— На яго ліха! У якім-жа выглядзе ён цяпер прыдзе на страшны суд?


РАЗЬДЗЕЛ VII

ШВЭЙК ІДЗЕ НА ВАЙНУ

У той час, калі ў Галіцыі лясы ўсьцяж па рацэ Рааб глядзелі як уцякае цераз Рааб аўстрыйскае войска, а на поўдні, у Сэрбіі, аўстрыйскім дывізіям аднэй за аднэй наклалі, як панесьці (што ім даўно ўжо трэба было зрабіць), аўстрыйскае вайсковае міністэрства ўспомніла пра Швэйка, паклікаўшы яго збываць ліхую бяду.

Калі Швэйку прынесьлі позву, каб ён праз тыдзень зьявіўся на Стралецкую выспу на вайсковы набор, ён ляжаў у ложку, скурчаны зноў раматусам. Пані Мюлер гатавала яму на кухні каву.