потым у аднаго цырульніка на Малой Стране набыў сабе рак жывата за пятнаццаць крон.
— Я знаю аднаго камінара з Бржэўнова[1], — зазначыў другі хворы, — дык ён вам за дзесяць крон зробіць такую гарачку, што з вакна выскачыце.
— Гэта ўсё глупства, — сказаў другі. — У Вршовіцах[2] ёсьць адна павітуха, якая за дваццаць крон вывіхне вам нагу так спраўна, што будзеце калекай да самае сьмерці.
— Мне вывіхнулі нагу за пяць крон, — пачуўся голас з ложка ля вакна. — За пяць крон гатоўкаю і тры кухлі піва ў дадатак.
— Мне мая хвароба абышлася больш за дзьвесьце крон, — заявіў яго сусед, ссохлы, як жардзіна. — Назавіце мне такую атруту, якую-б я не каштаваў, — не патрапіце. Я жывы склад розных атрут. Я піў сублімат, удыхаў пару жывога срэбра, грыз мышшак, курыў опіум, піў опіум рэдкі, сыпаў морфі на хлеб, глытаў стрыхнін, піў фосфар, распушчаны ў серкавым квасе і сінільны квас. Я сапсаваў сабе печань, лёгкія, ныркі, жоўць, мазгі, сэрца, шлунак і кішкі. Ніхто ня можа ўцяміць, на што я хворы.
— Найлепей, — зазначыў нехта каля дзьвярэй, — упырскнуць сабе за скуру газы. Майму стрыечнаму брату так пашанцавала, што яму аднялі руку да локця, і цяпер ён не баіцца ніякае вайсковае службы.
— Так, панове, — сказаў Швэйк, — усё гэта мусіць перацярпець кожны ў імя гаспадара імпэратара. І пампаваньне шлунку і клізму. Калі я ўпяршыню пашоў быў на вайсковую службу, у нашым палку траплялася яшчэ горай. Хворых вязалі „ў козлы“ і кідалі ў каталажку, каб яны прарабілі там курс лячэньня. Толькі там ня было ложкаў з сяньнікамі, як тут, ці плявальніц, а адна голая падлога, і на ёй ляжалі хворыя. За маім быцьцём там трапілі туды два хворыя. У аднаго быў сыпны тыфус, а другі побач з ім ляжаў у чорнай восьпе. Абодва былі зьвязаныя „ў козлы“, а палкавы доктар біў іх