Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/63

Гэта старонка не была вычытаная

родны брат, зрабі яму клізму — і па тым. Памятай, што на гэтых клізмах трымаецца Аўстрыя і наша перамога.

Назаўтрага пад час абходу доктар Грунштэйн запытаўся ў Швэйка, як яму падабаецца ў шпіталі. Швэйк адказаў, што шпіталь упарадкаваны і стаіць на вышыні. Ва ўзнагароду за гэта ён атрымаў тое самае, што і ўчора, з дадаткам асьпірыну і трох парашкоў хініны, якія яму ўсыпалі ў ваду і загадалі зараз-жа выпіць. Сам Сакрат ня піў сваю чашу з атрутай з гэткай спакойнасьцю, як піў хініну Швэйк. Калі Швэйка абгортвалі мокрым халодным прасьцірадлам, ён на доктарава запытаньне, як яму гэта падабаецца, адказаў:

— Дазвольце далажыць, пане старэйшы доктар, адчуваю сябе ўсёроўна як у ванне ці на морскіх купаньнях.

— Раматус яшчэ ня мінуўся?

— Дазвольце далажыць, пане старэйшы доктар, ніяк ня мінаецца.

Швэйка ўзялі на новыя катаваньні.

*

Гэтай парой удава гэнэрала ад інфантэрыі баранэса фон-Боцэнгейм рабіла ўсе магчымыя захады, каб знайсьці таго салдата, пра якога нядаўна надрукавала газэта „Богэмія“, як ён, інвалід, загадаў сябе везьці на зборны пункт у каламажцы для хворых і як ён дарогаю заклікаў да наступу на Белград. Гэтая праява патрыятызму спрычынілася таму, што „Богэмія“ надрукавала адозву да сваіх чытачоў і організавала збор на карысьць героя-калекі.

Нарэшце пасьля даведак, якія дастала баронэса ў паліцэйскай управе высьветлілася, што прозьвішча гэтага салдата Швэйк. Шукаць далей ужо было лёгка. Баронэса ўзяла з сабой сваю сяброўку і камэрдынэра з кашолкай і паехала ў шпіталь на Градчаны.

Небарака баронэса не ўяўляла, што значыць трапіць у шпіталь пры гарнізоннай турме. Яе візытная картка адчыніла ёй дзьверы турмы, і ў канцылярыі ўсе абыходзіліся з ёй надзвычайна пачціва. За пяць хвілін яна ўжо ведала, што