Яшчэ бялейшым быў сам доктар Грунштэйн. Уваччу ў яго мітусілася невялікая візытная картка старой баронэсы з тытулам: „удава генэрала“, і ўсё, што злучалася з гэтым тытулам, мільгала ў яго ў галаве, — знаёмствы, протэкцыя, скаргі, перавод на фронт і гэтак далей і гэтак далей.
— Вось Швэйк, — праказаў доктар з удаванай спакойнасьцю, вядучы баронэсу фон-Боцэнгэйм да Швэйкавага ложку. — Зносіць усё з вялікай цярплівасьцю.
Баронэса села на падстаўленае да Швэйкавага ложка крэсла і сказала:
— Чэскі зольдат, добры зольдат, калека зольдат, харобры зольдат. Я вельмі любіль чэскі аўстрыец. — Гаворачы гэта, яна гладзіла Швэйка па яго няголеным твары. — Я чыталь усё ў газэце, я вам прынесьля есьці — „гам-гам“, курыць, шокалядку... Чэскі сольдат, добры сольдат!.. Johann, kommen sie her![1]
Камэрдынер, які нагадваў сваймі калматымі бакамі Бабінскага[2], падцягнуў да ложка вялізны кош. Сяброўка баронэсы, высокая дама з заплаканым тварам, падсела да Швэйка на ложак і папраўляла яму мяшок з цьвёрдым перакананьнем, што так належыць рабіць над ложкам раненых герояў.
Баронэса выймала тым часам з кошу падарункі. Цэлы тузін засмажаных кур, завінутых у ружовую курыльную паперу і перавязаных шаўковай стужачкай нацыянальных колераў; дзьве бутэлькі нейкага лікёру вайсковага вырабу з этыкеткай „божа, пакарай Англію“; на другой этыкетцы былі намаляваны Франц-Іосіф з Вільгэльмам, трымаючы адзін аднаго за рукі, быццам у дзяцінай гульні: потым выняла з кошу тры бутэлькі лёгкага віна для хворых і дзьве пушачкі цыгарак. Усё гэта яна зграбна параскладала на пустым ложку каля Швэйка. Далей зьявілася на сьвет кніга ў цудоўнай аправе „Карцінкі з жыцьця нашага монарха“. Апынуліся на ложку і пліткі шоколаду, тож з надпісам „божа, пакарай Англію“ і зноў з малюнкам аўстрыйскага і нямецкага імпэратара. Але на шоколаднай этыкетцы імпэратары ўжо ня трымаліся за