Пасьля гэтых слоў ён узяў з ложка курыцу і накінуўся на яе пад спалоханы погляд доктара Грунштэйна.
— Ах, як яму смачна, сальдаціку! — у захапленьні зашаптала доктару Грунштэйну старая баронаса. — Ён ушо здароф і можа паехаць на фронт. Душа, душа рада, што гэта яму ішоф на карысьць.
Яна абышла ўсе ложкі, раздала ўсім цыгаркі і цукеркі, потым падышла зноў да Швэйка, пагладзіла яго па галаве, сказаўшы: „Памажы вам божа“, — і вышла з палаты, праводжаная ўсёй сьвітай.
Пакуль доктар Грунштэйн праводзіў баронэсу, Швэйк раздаў кур, якіх паглыталі так шпарка, што доктар Грунштэйн, вярнуўшыся, знайшоў замест кур адно груд костак, паабгрызаных так чыста, нібы іх колькі месяцаў паліла ў пустыні сонца.
Зьніклі і вайсковы лікёр і тры бутэлькі віна. Зьпіклі ў жыватох скрынка шоколаду і скрынка пернікаў. Нехта выпіў і пляшачку ляку для пазногцяў з манікюрнага начыньня, нехта пакаштаваў і пасту для зубоў.
Вярнуўшыся, доктар Грунштэйн стаў у баявую паставу і сказаў вялікую прамову. У яго палягчэла на сэрцы, як візыт скончыўся. Груд абгрызаных костак замацаваў яго думку, што ўсе — непапраўныя сымулянты.
— Салдаты, — сказаў ён, — каб у вас была галава на плячох, дык вы-б да ўсяго гэтага і не дакрануліся, а падумалі-б, „Калі мы ўсе гэта пажаром, старэйшы доктар ня дасьць веры, што мы цяжка хворыя. Вы надзвычай добра паказалі, што ані не шануеце маю дабрату. Я вам прамываю шлункі, раблю вам клізмы, стараюся ўтрымаць вас на поўнай дыеце а вы раптам панапіхалі свае жываты. Вы хочаце нажыць сабе катар жывата, ці што? Не, малойчыкі памыляецеся. Перш, чымся вашы жываты ўправяцца гэта ператравіць, мы іх вычысьцім так грунтоўна, што вы будзеце ўспамінаць пра гэта аж да самае сьмерці і дзяцём будзеце апавядаць, як вы аднойчы панажорліся кур ды іншых смачных рэчаў і як гэта не затрымалася й чвэрці гадзіны ў жываце, бо ўсё вам парой выпампавалі. Ну-тку, марш усе за мной у амбуляторыю. Ня