Швэйк глядзеў на ўсю камісію з сьвятою спакойнасьцю бязьвіннага дзіцяці.
Старэйшы штабны доктар падступіў да самага Швэйка.
— Цікава-б мне ведаць, аб чым вы, морская карова, думаеце?
— Дазвольце далажыць, зусім ні аб чым ня думаю.
— Во! ліханька! — закрычэў адзін сябра камісіі, бразнуўшы шабляй аб падлогу. — Ён, бачыце, зусім ні аб чым ня думае!.. А чаму-ж вы, сыямскі слонь, ня думаеце?
— Дазвольце далажыць, — таму, што гэтага на вайсковай службе салдатам рабіць не выпадае. Калі я год таму служыў у дзевяцьдзесят першым палку, наш капітан заўсёды казаў нам: „Салдат не павінен думаць, за яго думае ягонае начальства. Ці толькі салдат пачынае думаць, гэта ўжо не салдат а так, дрэнь, сьмецьце. Разважаньні ніколі не даводзяць“...
— Маўчаць! — перапыніў Швэйка ў злосьці старшыня камісі. — У нас ўжо ёсьць весткі пра вас. Гэты малойчык думае, што мы па-праўдзе паверым, што ён ідыёт. Вы зусім не ідыёт, Швэйк, вы хітрая бэсьція і прайдзісьвет, вы — жулік, хуліган, паскуднік! Разумееце?
— Так точна, разумею.
— Сказана вам маўчаць! Чулі?
— Так точна, чуў.
— Каб вас чорт забраў! Ну, дык і маўчыце! Вы-ж добра ведаеце, што ня маеце права малоць языком.
— Так точна, ведаю.
Паны вайсковыя перазірнуліся. Выклікалі фэльдфэбэля.
— Завядзеце гэтага суб‘екта ў канцылярыю, — паказваючы на Швэйка, загадаў старэйшы доктар, — і там чакайце нашага загаду. Хлапчына здаровы, як бык, сымулюе ды яшчэ меле языком і наважваецца жартаваць з начальствам. Ён думае, што мы тут толькі дзеля забавы, што вайсковая служба — балаган... Вам там у гарнізоннай турме пакажуць, што гэта — вайсковая служба!
Швэйк пашоў з фэльдфэбэлем у канцылярыю і, ідучы курлыкаў сабе пад нос:
А я думаў, што з вайною |