Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/7

Гэта старонка не была вычытаная

сковай службе, аднаго разу зваліўся пры мне з каня генэрал і разьбіўся. Хацелі памагчы, пасадзіць на каня, зірнулі, аж ён ужо зусім няжывы. А таксама, мабыць, меркаваў дайсьці да фэльдмаршала. На парадзе гэта прытрапілася яму. Гэтыя парады ніколі не давядуць да дабра. У Сараеве, пэўна, таксама быў нейкі парад. Памятаю я, неяк на парадзе на маім мундзіры не хапала дваццаць гузікаў, і мяне пасадзілі за гэта на чатырнаццаць дзён у адзіночку. А два дні я, як той Лазар, ляжаў, не зварухнуўшыся „ў козлах“[1]. Нічога не парадзіш, — на вайсковай службе павінна быць дысцыпліна. Каб не яна, усе-б там брынды білі... Наш обэр-лейтэнант Маковец заўсёды нам казаў: „Дысцыпліна, ёлупы, канечна патрэбна. Каб ня дысцыпліна, дык вы-б, як малпы, яшчэ па дрэвах лазілі. Вайсковая служба з вас, дурні, людзей паробіць!“ Ну, ці-ж гэта ня так? Уявіце сабе сквэр, ну, скажам, на Карловым пляцы, і на кожным дрэве сядзіць па адным салдату бяз дысцыпліны. Жудасная карціна выходзіць!

— У Сараеве, — кіраваў гутарку Брэтшнэйдэр, — усё гэта сэрбы нарабілі.

— Памыляецеся, — адказаў Швэйк, — гэта усё туркі навычваралі. За Босьнію і Гэрцагавіну.

І Швэйк выказаў свой погляд на замежную політыку Аўстрыі на Балканах: туркі прайгралі ў 1912 годзе вайну з Сэрбіяй, Баўгарыяй і Грэцыяй; яны хацелі, каб Аўстрыя ім дапамагла, а як на гэта ня вышла ў іх, — яны застрэлілі Фэрдынанда.

— Ты туркаў любіш? — зьвярнуўся Швэйк да шынкара Паліўца. — Гэтых паганцаў? Пэўна-ж, што не?

— Госьць, як госьць, — сказаў Палівец, — хай сабе й турак. Нам, шынкаром, да політыкі няма ніякага клопату. Заплаці за піва, сядзі ў шынку, ды мялі языком, колькі ўлезе, — вось маё правіла. Хто-б ні цокнуў нашага Фэрдынанда, хоць сэрб, хоць турак, хоць католік, хоць магомэтанін, хоць анархіст, хоць младачэх, — мне ўсёроўна.

  1. Кара ў аўстрыйскай арміі: вінаватаму салдату падвязвалі рукі да ног і ў гэткім стане пакідалі не дзень ці болей.