пад прастрэленымі штандарамі сваіх палкоў да новай славы, да новых перамог...
На калідоры старэйшы доктар зьвярнуўся да маладога аратара:
— Слухайце, колега, магу вас запэўніць, што ўся вашая прамова была на ўзьвей-вецер. Ані Радзецкі, ані прынц Аўген Савойскі не зрабілі-б з гэтых нягоднікаў людзкіх салдат. Як з імі ні абыходзься, — іх нічым ня ймеш. Гэта — банда.
РАЗЬДЗЕЛ IX
ШВЭЙК У ГАРНІЗОННАЙ ТУРМЕ
Астатні прытулак для тых, хто не хацеў ісьці ва вайну была гарнізонная вайна. Я сам знаў аднаго настаўніка, што мусіў, як матэматык, служыць у артылерыі, але ня маючы ахвоты страляць з гарматы, „стралянуў“, каб трапіць у гарнізонную турму, гадзіньнік у аднаго афіцэра. Зрабіў ён гэта цалкам сьвядома. Вайна яму не імпанавала і не захапляла яго. Ён лічыў, што страляць ў няпрыяцеля і забіваць шрапнэлямі ды гранатамі гэткіх самых, як і ён сам, выкладчыкаў матэматыкі па той бок фронту, неразумна. „Хачу быць сумленным чалавекам“, — сказаў ён і з спакойным сэрцам украў гадзіньнік. Зрабілі досьлед яго псыхічнага стану, і калі ён заявіў, што зрабіў гэта з мэтай узбагачэньня, яго адправілі ў гарнізонную турму.
У гарнізоннай турме большасьць арыштантаў сядзелі за зладзейства ці жульніцтва — на ідэйным грунце ці без ідэйнага грунту; людзі, якія лічылі вайсковую службу за крыніцу асабістых прыбыткаў: розныя чыноўнікі інтэнданцтва, з тылу і фронту, што нарабілі ўсялякага махлярства з провіянтам і салдацкай пэнсіяй, а таксама дробныя зладзеі, якія мелі ў тысячу разоў большае сумленьне, ніж тыя дабрадзеі, што іх сюды паслалі. Апрача таго, у гарнізоннай турме сядзелі за іншыя злачынствы чыста вайсковага характару: парушэньне дысцыпліны, спробы мяцяжу, дэзэртырства. Асобную групу складалі політычныя, з якіх восемдзесят процантаў былі зусім