нудоты. Сэнс быў ня ў тым, што станеш бліжай да бога, а ў тым, што ёсьць надзея дарогай — на сходах ці на авары — знайсьці кінуты недакурак ці падабраць высыпаную з мелькі недакураную жменьку табакі. Бога зусім адшыў у бок маленькі недакурак, які — забыты — валяўся дзе ў плявальніцы ці на зямлі сярод пылу. Гэты маленькі пахучы прадмет пераважыў і бога і спасеньне душы.
Ды, апрача таго, самае казаньне было вельмі занятнай штукай. Фэльдкурат[1] Отто Кац увогуле быў мілы чалавек.
Яго казаньні былі надзвычайна цікавыя, вострыя і сьвежыя сярод жудоты гарнізоннай турмы. Ён так забаўна малоў языком пра бязьмежную боскую літасьць, каб падтрымаць „прыгнечаных роспаччу“ арыштантаў, так ёмка лаяўся з катэдры ці каля алтара, так зухавата выводзіў у алтары сваё „Ite missa est!“ Усё набажэнства ён правіў дужа орыгінальным спосабам, пераставіўшы ўвесь парадак сьвятой імшы і выдумляючы, калі быў добра п‘яны, зусім новыя малітвы, новую імшу, свой уласны рытуал, адным словам — нешта нябачанае да гэтай пары.
Аднойчы (во было сьмеху!) ён пасьлізнуўся і цялёпнуйся разам з чашай, сьвятымі дарамі і трэбнікам, голасна абвінавачваючы міністранта[2] з арыштантаў, што той яму сумысьля зрабіў падножку, і тут-жа, перад самай дарахранільніцай заляпіў яму адзіночку і шпангле[3]. Пакараны, неўважаючы на гэта, быў вельмі здаволены ўжо тым, што прыдаўся на пацеху ўсёй паважанай публіцы і так удала адыграў сваю ролю. Фельдкурат Отто Кац, тыповы вайсковы поп, быў яўрэй. У гэтым няма ніякага дзіва. Арцыбіскуп Кон быў таксама яўрэй ды яшчэ да таго блізкі прыяцель Махара[4].