Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/80

Гэта старонка не была вычытаная

ў карцэры! І вы там, унізе, ня думайце, што ў карчме. Боская літасьць бясконцая, але толькі для сумленных людзей, а не для злыдняў нясусьветных, што ня выконваюць ні яго законаў, ні вайсковага статуту. Во што я хацеў вам сказаць. Маліцца вы ня ўмееце і думаеце, што хадзіць у царкву вам пацеха, нібы тут тэатр, ці кінематограф які. Я вам гэта выб‘ю з галавы, каб вы ня думалі, што я прышоў сюды вас забаўляць і разганяць вам нуду! Перасаджу вас па адзіночках сукіных дзяцей, — во што я зраблю. Адно час з вамі трачу, ды бачу, што зусім марна. Каб замест мяне быў тут сам фэльдмаршал ці сам арцыбіскуп, усёроўна вы-б ня выправіліся і не зьвярнуліся на шлях ісьціны. І ўсё-ткі калі-небудзь вы мяне ўспомніце і скажаце: „Ён нам добрага зычыў“...

З радоў споднікаў пачулася хліпаньне.

Гэта румзаў Швэйк.

Фэльдкурат зірнуў уніз. Там стаяў Швэйк і цёр вочы кулаком. Навокал было агульнае радаваньне.

— Вось з гэтага чалавек, — сказаў далей фэльдкурат, паказваючы на Швэйка, — хай кожны з вас возьме прыклад. Што ён робіць? Плача. Ня плач, табе кажу. Ня плач! Ты хочаш выправіцца? Гэта табе, галубок, ня надта лёгка ўдасца. Цяпер вось плачаш, а вернешся ў камеру, зноў станеш гэткім самым нягоднікам, якім быў раней. Табе яшчэ многа прыдзецца паразважаць аб бясконцай літасьці боскай, доўга ўдасканальвацца, пакуль твая грэшная душа ня выйдзе нарэшце на той правільны шлях, па якому ёй належыць ісьці... Сёньня на нашых вачох заплакаў адзін з вас, захацеўшы выправіцца, а што робіце вы, іншыя?.. Ані трасцы! Вунь там адзін нешта жве, нібы ён — жвачная жывёла, а другі вунь там шукае ў храме божым вошай у сябе ў сарочцы. Што вы ня можаце церабіцца дома, ці што, а займаецеся гэтым якраз пад час набажэнства? Нагляднік, вы зусім ня пільнуеце парадку. Вы ўсё-ткі салдаты, а не якія-небудзь цывільныя байбусы, і паводзіць сябе павінны так, як належыць салдатам, хай сабе і ў цэркве. Займецеся, ліха матары, шуканьнем бога, а вошай будзеце шукаць дома. На гэтым я скончыў і вымагаю ад вас, каб вы, хуліганы, паводзілі сябе пад час імшы прыстойна, а ня так, як мінулым