а там яго зачынілі (гэта двухгадовае дзіця!). Як бачыце, хлапчаня было зусім бязьвіннае, а яго ўсё-ткі пасадзілі. Каб у яго запыталіся, за што ён сядзіць, дык — хай-бы умеў ён гаварыць — усёроўна ён ня ведаў-бы, што адказаць. Вось і са мной блізка тое самае. Я тож знайда.
Быстры зірк сьледчага абляцеў Швэйка ад ног да галавы і разьбіўся аб яго. Ад усяе Швэйкавае істоты веяла гэткай наіўнасьцю і разважнасьцю, што Бэрніс у раздражненьні засігаў па пакою, і каб не абяцаньне фэльдкурату, што ён пашле яму Швэйка, дык ліха ведае, чым-бы скончылася гэтая справа.
Нарэшце сьледчы суняўся ля свайго стала.
— Гэй вы, паслухайце, — сказаў ён Швэйку, які з бязуважным выглядам пазіраў на бакі, — калі вы яшчэ хоць раз трапіце мне на вока, дык не жыватайце... Выведзіце яго!
Як Швэйка вялі назад у шаснаццатае, Бэрніс выклікаў да сябе наглядніка Славіка:
— Да далейшых наказаў Швэйк перадаецца пад загад пана палкавога фэльдкурата Каца, — каротка загадаў ён. — Падрыхтаваць пропуск. Завесьці Швэйка э двума канвойнымі да пана фэльдкурата.
— Загадаеце завесьці яго ў кайданох?
Сьледчы ляснуў кулаком аб стол.
— Асёл! Я ясна сказаў: падрыхтаваць пропуск!
І ўсё, што назьбіралася за цэлы дзень у душы ў сьледчага: капітан Лінгардт, Швэйк, — усё гэта патокай лынула на наглядніка і скончылася словамі:
— А цяпер вам ясна, што вы ўсім аслом — асёл, каранаваны асёл!
Так належыла-б называць толькі каралёў ды імператараў. Але нават просты нагляднік, а не каранованая пэрсона, усё-такі гэткім зваротам не здаволіўся, і, выходзячы ад вайсковага сьледчага, ён даў высьпятка арыштанту, які мыў сходы. А што да Швэйка, дык нагляднік наважыў пакінуць яго хаця на адну ноч пераначаваць у гарнізоннай турме, каб даць магчымасьць Швэйку зазнаць усёй яе слодычы.