асабліва густа. Засыналі, нацягваючы вашывыя коўдры на галаву, каб не перашкаджала сьвятло газавае лямпы.
А восьмай гадзіне ўраньні Швэйка выклікалі ў канцылярыю.
— З левага боку ад дзьвярэй канцылярыі плявацельніца. Там часьцяком трапляюцца недакуркі, — навучаў Швэйка адзін арыштант. — Апрача таго на першым паверсе пройдзеш паўз другую. Сходы мятуць а дзевятай, дык там яшчэ што-якое знойдзецца.
Але Швэйк ня спраўдзіў іхных надзей. Ён больш у „шаснаццатае“ не вярнуўся. Дзевятнаццаць споднікаў меркавалі на ўсе лады.
Рабы апалчэнец, у якога была найбольшая ад усіх фантазія, абвясьціў, што Швэйк памыкаўся застрэліць свайго ротнага камандзіра і што яго павялі на матольскі пляц расстрэльваць.
РАЗЬДЗЕЛ X
ШВЭЙК ЗА ДЗЯНШЧЫКА Ў ФЭЛЬДКУРАТА
Швэйкаўская адысэя разьвінаецца далей пад гаваровым канвоем двух салдат са штыхамі, якія павінны былі даставіць яго фэльдкурату.
За Швэйкавых канвойных былі два салдаты, якія ўзаемна дапаўнялі адзін аднаго: адзін з іх быў худы і даўгалыгі, другі, наадварот, маленькі і тоўсты; даўгаль кульгаў на правую нагу, маленькі — на левую. Абодва служылі ў тыле, бо былі вызвалены ад вайсковае службы. Абодва з надзвычай сур‘ёзным выглядам ішлі па бруку і зрэдку пазіралі на Швэйка, які сігаў пасярод і раз-по-раз казыраў каму трэба. Яго цывільная вопратка запаветрылася недзе ў цэйхгаузе гарнізоннай турмы разам з яго вайсковай шапкай, у якой ён зьявіўся на набор, і яму выдалі стары мундзір, што належыў раней, як відаць, нейкаму пузатаму здараўцу, ростам мабыць на галаву вышэйшаму за Швэйка. У порткі, якія былі на ім, улезла-б яшчэ тры Швэйкі. Бясконцыя складкі, ад ног і бадай што да шыі,