дакуль даходзілі порткі, зварачвалі на сябе ўвагу сустрэчных людзей. Шырачэзная, брудная і зашмальцаваная гімнасьцёрка з лапікамі на лакцёх целяпалася на Швэйку, як сурдут на гародным пудзіле. Порткі ў яго скідаліся, як у клоуна ў цырку. Форменная шапка, якую яму тож падмянілі ў гарнізоннай турме, лезла яму на вушы.
На ўсьмешкі сустрэчных Швэйк адказваў мяккай усьмешкай і ласкавым цёплым поглядам сваіх добрых вачэй.
Так сунуліся яны да Карліна, дзе жыў фэльдкурат. Першы загаманіў са Швэйкам маленькі таўстун. Яны праходзілі па Малой Спрапе пад галярэяй.
— Адкуль сам?
— З Прагі.
— Не ўцячэш ад нас?
У гутарку ўтыкнуўся даўгаль. Цікавая зьява: калі маленькія таўстуны бываюць найбольш добрадушныя оптымістыя, дык людзі худыя і даўгалыгія, наадварот, у большасьці выпадкаў скэптыкі. Трымаючыся гэтага закону, даўгаль сказаў маленькаму:
— Каб здолеў, уцёк-бы.
— А на якое ліха яму ўцякаць? — азваўся маленькі таўстун. — Ён-жа і так на волі, не ў гарнізоннай турме. Вось і ў пакеце тут нясу...
— А што там, у пакеце, да фэльдкурата?
— Ня ведаю.
— Вось бачыш, — ня ведаеш, а гаворыш...
Карлаў мост явы перайшлі ў поўным маўчаньні. На Карловай вуліцы таўстун зноў загаманіў са Швэйкам:
— Ня ведаеш, чаго мы вядзем цябе да фэльдкурата?
— На споведзь, — няўважна адказаў Швэйк. — Заўтра мяне будуць вешаць. Так заўсёды робіцца. Кажуць, для заспакаеньня душы.
— А за вошта цябе будуць... гэтае? — запытаў асьцярожны даўгаль, тым часам, як таўстун з спачуваньнем паглядзеў на Швэйка.
Абодва канвойныя былі вясковыя рамесьнікі, адлучаныя ад сваіх сем‘яў.