Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/94

Гэта старонка не была вычытаная

— Ня ведаю, — адказаў Швэйк, дабрадушна ўсьміхаючыся. — Я нічога ня ведаю. Мабыць — доля такая.

— Значыць, радзіўся ты пад няшчаснай планідай, — тонам экспэрта і спагадліва зазначыў маленькі. — У нас у сяле Ясені, пад Іозэфовам, яшчэ за Прускай вайной тож во гэтак павесілі аднаго. Прышлі па яго, нічога яму не сказалі і ў Іозэфове павесілі.

— Я думаю, што так, ні за што ні пра што, чалавека ня вешаюць, — сказаў даўгалыгі скептык. — Павінна быць якая-небудзь прычына. Такія рэчы заўсёды абгрунтоўваюцца.

— Як вайны няма, — зазначыў Швэйк, — дык гэта, можа і абгрунтоўваецца, а пад час вайны адзін чалавек не бярэцца на ўвагу. Ён можа быць забіты на вайне, ці павешан дома. Ня кіем дык палкай.

— Слухай, ці не політычны ты які? — запытаў даўгаль. Па тону ягонага голасу можна было ўгадаць, што ён робіцца больш прыязным да Швэйка.

— Політычны, ды яшчэ які, — усьміхнуўся Швэйк.

— Можа, ты нацыянал-соцыяліст?

Але тут ужо маленькі ў сваю чаргу стаў асьцярожны і ўступіў у размову.

— А што нам за наўда да гэтага, — сказаў ён. — Апрача таго ўсюды процьма народу, і на нас глядзяць. Каб гэта мы прынамсі маглі дзе-небудзь у завулку зьдзець штыхі, каб гэта як-небудзь... не такі выгляд мела... Ты не ўцячэш? А то, ведаеш, нам праз гэта выйдуць няпрыемнасьці. Ці праўда, Топік? — зьвярнуўся ён да даўгаля.

Той ціха сказаў:

— Штыхі — яно можна-б і зьдзець. Гэта — свой чалавек.

Тут яны нагледзелі выгодны завулак, дзе пазьдзявалі штыхі, і таўстун дазволіў Швэйку ісьці побач з ім.

— Ты-б мо‘ закурыў, зуеш, сказаў ён, — раз ужо...

Ён хацеў сказаць: „раз ужо ўсёроўна цябе павесяць“, але ня скончыў сказу, пачуўшы, што гэта было-б нетактоўна.

Усе закурылі, і Швэйкавы канвойныя пачалі апавядаць яму пра свае сем‘і, пра жонак, дзяцей, пра кавалачак зямелькі, пра адзіную карову...