гэта бачыў на свае ўласныя вочы, а другі запэўніваў, што яна ўчора пашла з адным салдатам спаць у гасьцініцу „Бальшуль“.
Пад самымі дзьвярмі ў кампаніі некалькіх цывільных сядзеў салдат і апавядаў ім пра свае раненьні, якія дастаў ён у Сэрбіі. У яго была падвязана рука. Кішэні ў яго былі напакаваны цыгаркамі, атрыманымі ад размоўцаў. Ён праз увесь час гаварыў, што ўжо болей ня можа піць, а адзін з кампаньнікаў, пляшывы дзядок, што-разу яго перапыняў:
— Ды ўжо выпіце, салдацік! Хто яго ведае, мо‘ ўжо больш ня ўбачымся. Мо‘ загадаць, каб вам сыгралі што-небудзь? Любіце „Сіротку“? (Гэта была аблюбёная песьня лысага дзядзька).
І сапраўды, праз хвіліну скрыпка з гармоняй завылі „Сіротку“. У старога тут сьлёзы выступілі на вачох, і ён завёў дрогкім голасам:
Троху болей кеміць стаў — |
З-за другога стала пачулася:
— Годзе! Ну іх да д‘ябла! Пашлі вы з вашай „Сіроткай“! І, як апошні сродак, стол опозыцыі грымнуў:
Разлука, ах, разлука — |
— Франта, — паклікалі яны параненага салдата, як, заглушыўшы „Сіротку“, дапелі „Разлуку“ да канца, — Франта, кінь іх, ідзі сядай да нас! Плюнь на іх, і валачы сюды цыгаркі. Кінь забаўляць іх, дзівак!
Швэйк, які часьцяком сядзеў тут яшча да вайны, пусьціўся ва ўспаміны пра тое, як калісьці ў „Куклік” раптоўна зьяўляўся з аблаваю паліцэйскі камісар Драшнэр, і як яго баяліся простытуткі, якія склалі на яго прыпеўкі.
Аднаго разу яны запелі хорам:
Як ад Драшнэра ад пана |