Старонка:Прынц і жабрак (1928).pdf/19

Гэта старонка не была вычытаная

ўвесь Лёндан зьбягаўся паглядзець на ваенную каманду, калі які-нібудзь вядомы небарака адсылаўся, па сухаземі або па вадзе, ў вастрог Тоўэр. У адзін летні дзень ён бачыў, як Ганна Аскью ды яшчэ тры чалавекі спалены былі на агні ў Сьмізсфільдзе, і чуў, як нейкі экс-біскуп чытаў ім адходную, якая ані ня цікавіла яго. Але агулам жыцьцё Тома было даволі рознавобразнае й цікавае.

Пакрысе чытаньне Тома й лятуценькі аб жыцьці прынцаў зрабілі на яго гэткі моцны ўплыў, што ён несьвядома пачаў выказваці з сябе прынца. Яго мова й манеры зрабіліся дзіўна ўрачыстымі і далікатнымі на вялізьнейшае зьдзіўленьне й пацеху равесьнікаў. Аднак-жа ўплыў Тома сярод іх рос кожны дзень; з часам таварышы пачалі глядзець на яго з зьдзіўленьнем, зьмяшаным з жахам, як на вышэйшую істоту. Ім здавалася, што ён гэтак шмат ведае, што можа ня толькі расказваць, але й вычаўпляць выдатныя рэчы, што ён, апрача таго, гэткі здольны й разумны. Увагі Тома, яго паступкі перадаваліся хлопчыкамі старшым і тыя таксама загаварылі аб Томе Канці, як аб надта ўжо здольным, нязвычайным хлопчыку. Дарослыя часта зьвярталіся да яго ў труднаватых акалічнасьцях, і няраз дзівіліся з кемкасьці й мудрасьці яго рашэньняў. Ён, сапраўды, здаваўся выдатнаю асобаю ўваччу ўсіх знаўшых яго, за выняткам уласнае сям’і, якая ня бачыла ў ім нічога добрага.

Праз нейкі час Том тайным чынам устроіў нешта накшталт каралеўскага палацу. Сам ён быў прынцам; яго лепшыя таварышы — целаабаронцамі, камэргэрамі, штальмайстрамі, флігэль-ад’ютантамі, статс-да́мамі і сябрамі каралеўскае сям’і. Кожны дзень маленькага прынца сустрачалі з загадзя выпрацаваным цэрэмоніялам, пазычаным Томам са сваіх романтычных кніжак; кож-